У Мінску адкрываюць веласезон. Велакарнавал "Viva Ровар" сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў

12 мая 2018

Сёння ў Мінску афіцыйна адкрываюць веласезон. Фестываль "Viva Ровар" праходзіць ужо чацвёрты раз. І сёлета карнавал аматараў двухколавага транспарту сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў - каля 17 тысяч чалавек. Па традыцыі яны яркім парадам праедуць па цэнтральным праспекце Мінска. А зараз каля стэлы працуе здымачная група Агенцтва тэленавін.

На прамую сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт Крысціна Камыш (прамое ўключэнне).

Добры дзень! Некалькі хвілін таму першыя веласіпедысты адправіліся на дыстанцыю. А гэта значыць, што веласезон у Беларусі афіцыйна адкрыты. Актывісты едуць па маршруце ад стэлы да "Мінск-Арэны" і назад. Усяго 10 кіламетраў і 400 метраў. Хачу нагадаць, што рух па праспекце Пераможцаў і вуліцы Машэрава закрыты для ўсіх іншых відаў транспарту. Ён адновіцца ў 16:00. Сам жа велакарнавал здзіўляе сваімі рэкордамі і фарбамі.

Гэтае тое самае свята, калі сур'ёзныя людзі не хочуць быць сур'ёзнымі. Тут усё як у казцы Карнея Чукоўскага. На веласіпедах едуць мядзведзі, каты, усе лясныя браты. Адной з галоўных падзей карнавала стане конкурс касцюмаў.

Збор пачаўся ў 13:30. Тыя ўдзельнікі, якія прайшлі бясплатную рэгістрацыю, атрымлівалі свае нумары. Сюды прыехалі кампаніямі, сем'ямі, парамі. У фестывалі дазволена ўдзельнічаць на скейтбордах і самакатах. Аднак галоўнае - вытрымаць хуткасць на дыстанцыі 15 кіламетраў за гадзіну.

Леташні вопыт гаворыць, што фінішаваць веласіпедысты пачнуць праз 20 хвілін. Але на гэтым карнавал не скончыцца. У парку Перамогі арганізавана больш за 30 забаўных пляцовак.

І самае прыемнае для тых, хто зарэгістраваўся. Гэтыя людзі будуць удзельнічаць у розыгрышах прызоў, галоўныя з якіх - тры веласіпеды. Студыя, на гэтым у мяне ўсё.

Гэта было прамое ўключэнне ад стэлы, дзе зараз праходзіць фестываль "Viva Ровар".