У Мінску адкрываецца міжнародная канферэнцыя ЮНІСЕФ

12 ноября 2014
Па ініцыятыве Беларусі сёння ў Мінску адкрываецца міжнародная канферэнцыя ЮНІСЕФ высокага ўзроўню. Форум накіраваны на абарону дзяцей ад насілля і эксплуатацыі. Плануецца, што яе адкрыюць віцэ-прэм'ер Беларусі, кіраўнік Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці Анатоль Тозік і Міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Для ўдзелу ў мерапрыемстве Мінск наведае дырэктар Рэгіянальнага бюро Дзіцячага Фонду ААН для краін Цэнтральнай, Усходняй Еўропы і краін СНД Мары-П'ер Пуар'е.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: Канферэнцыя такога ўзроўню па тэматыцы абароны дзяцінства адбудзецца ў нашай краіне ўпершыню. У мерапрыемстве прымуць удзел дэлегацыі з Азербайджана, Босніі і Герцагавіны, Балгарыі, Чарнагорыі, Малдовы, Македоніі, Сербіі, Расіі. На канферэнцыі адбудзецца абмен меркаваннямі, вопытам і найлепшымі практыкамі ў сферы стварэння эфектыўных сістэм абароны дзяцінства, умацавання міжведамаснага ўзаемадзеяння ў гэтым пытанні, дзейнасці нацыянальных устаноў па пытаннях абароны правоў дзіцяці, а таксама абмеркаванне актуальных для краін рэгіёна праблем у гэтай галіне.

Праекты ЮНІСЕФ у Беларусі працуюць ужо 20 гадоў. Зараз у нашай краіне адкрыты самастойны офіс дзіцячага фонду. Прыярытэтныя задачы ЮНІСЕФ - дапамога ў развіцці дзяцей ранняга ўзросту і дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця.