Да свята праваахоўнікі атрымалі падарунак: напярэдадні векавога юбілею ў сталіцы адкрылі скульптуру "Мінскаму гарадавому". Знаходзіцца манумент насупраць будынка МУС на вуліцы Гарадскі вал.
Помнік уяўляе сабою скульптуру вартавога парадку пачатку ХХ стагоддзя. Канцэпцыя належыць міністру ўнутраных спраў. Ігар Шуневіч асабіста настаяў на наяўнасці ў кампазіцыі двух характэрных элементаў: маленькага беспароднага сабачкі і ліхтара, які будзе гарэць начамі. Яшчэ адна важная дэталь: пагоны ў гарадавога - розныя, як і было ў першых праваахоўнікаў. У тыя часы ў асноўным на службу бралі былых салдатаў. Таму на адным плячы ў гарадавога армейскі пагон, з якім ён звальняўся з войскаў, а на іншым - паліцэйскі, які яму выдавалі ў органах.
Адразу пасля адкрыцця скульптуры галоўны міліцыянер краіны з вышэйшым афіцэрскім складам органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, а таксама высокапастаўленымі гасцямі наведаў абноўлены музей МУС. Гэта першая экскурсія пасля таго, як тут прайшла рэканструкцыя.














