У Мінску адкрылі новую падстанцыю Грушаўская

20 декабря 2013

Усё сучаснае абсталяванне размясцілася ў невялікім будынку і працуе бясшумна. Затое атрымліваць электрычнасць адсюль змогуць не толькі новая трэцяя лінія метро, але і як мінімум 300 жылых дамоў.


Пра кошт праекта і сэканомленых кілаватах у сюжэце Наталлі Кезік. Усе трансфарматары і размеркавальныя пункты тут. Сучасная падстанцыя, якая будзе забяспечваць электрычнасцю мікрараёны на праспекце Дзяржынскага, абсталявана паводле апошняга слова тэхнікі. Размясцілася яна ў невялікім будынку і працуе бясшумна. Кабельныя лініі ізаляваныя і пракладзеныя па новай тэхналогіі - не па паветры, а пад зямлёй.


Падстанцыя Грушаўская будзе забяспечваць энергіяй трэцюю лінію метро ад станцыі Слуцкі гасцінец да станцыі Юбілейная плошча. Таксама яна зможа забяспечыць бесперабойнай электрычнасцю жыхароў трохсот 20-павярховых дамоў.


Разам з будаўніцтвам Грушаўскай энергетыкі рэканструявалі і галоўную падстанцыю Маскоўскага раёна Пятроўшчына. Такі праект абышоўся ў 38 мільёнаў еўра.


Падстанцыя можа працаваць фактычна без прысутнасці тут людзей. Гэты пульт самастойна перадае інфармацыю ў галоўнае гарадское ўпраўленне. Менавіта такая сістэма ў выпадку аварыі дазволіць аднавіць падачу электрычнасці ў дамах практычна імгненна.


Поўная рэканструкцыя падстанцыі Пятроўшчына - мера вымушаная. Без яе капітальнай мадэрнізацыі немагчыма далучэнне ні Грушаўскай, ні іншых новых падстанцый.


Энергетыкі ўжо адчулі эканамічную выгаду ад будаўніцтва такіх сучасных збудаванняў. Яны не патрабуюць вялікай колькасці грошай на тэхабслугоўванне. Эканоміць атрымліваецца за кошт размяшчэння падстанцыі. Чым бліжэй жылая забудова - тым таннейшая дастаўка энергіі. Па такім жа прынцыпе цяпер працягваецца будаўніцтва яшчэ дзвюх такіх падстанцый у густанаселеных мікрараёнах Мінска - Брылевічах і Каменнай Горцы.