У Мінску адкрылася выстава Паляванне і рыбалоўства

24 сентября 2014

Лепшыя дасягненні ў гэтай сферы прадэманстраваны ў Нацыянальным выставачным цэнтры БелЭкспа. Трафеі, снасці, прынады, рознагабарытныя лодкі - усё, што трэба паляўнічаму на вадзе і сушы. Нягледзячы на тое, што штогод тэматыка выставы не змяняецца, тут можна ўбачыць і навінкі, створаныя айчыннымі і замежнымі кампаніямі, і незвычайныя, але патрэбныя для гэтага хобі рэчы.


Наш карэспандэнт Уладзімір Каралёў пераканаўся ў гэтым.


Нягледзячы на разгар працоўнага дня сотні рыбакоў прыехалі сюды з розных гарадоў Беларусі. Хтосьці прыехаў, каб пабачыць сяброў, хтосьці прыехаў, каб скласці шматмільённыя кантракты.


Унікальны прадукт для беларускага рынку - новая падкормка для жывёлін, распрацаваная ў Гродне. Для рынку СНД - гэта навінка, але ў найбліжэйшай будучыні падкормка з'явіцца і ў паляўнічых гаспадарках Беларусі.


Сяргей Суцьько, удзельнік выставы: Мы распрацавалі аптымальны склад, каб вырашыць усе ветэрынарныя праблемы дзікіх жывёлін. Пры спажыванні гэтага прадукту імунітэт жывёлін узмацняецца. Адпаведна жывёліна дае максімальна добрыя трафейныя якасці.


Аксесуары, адзенне, амуніцыя - звыклая атрыбутыка для гэтых людзей. А вось спецыяльны каляндар для паляўнічага, мабыць, тут у навінку.


Адны з самых наведвальных павільёнаў у аматараў рыбалкі. Тут і снасці, і спецыяльная літаратура, і лодкі. Пры жаданні кожны знойдзе сабе тавар па гусце.


Выстава будзе працаваць 4 дні. У чацвер тут чакаецца адкрыты чэмпіянат сярод вабільшчыкаў аленяў. У пятніцу пройдуць спаборніцтвы па стралкова-паляўнічым мнагаборстве і падвядуць вынікі на лепшы паляўнічы трафей года. У суботу адбудзецца выстава паляўнічых сабак. Зрэшты, шматлікія наведвальнікі прызнаюцца, што сёння гэта мерапрыемства больш нагадвае форум, дзе ўсё часцей сустракаюцца старыя знаёмыя і будучыя новыя сябры.