Сёння ў Мінску адкрыўся міжнародны кірмаш турпаслуг "Адпачынак-2015". На яго адкрыццё ўпершыню ў сталіцу прыляцеў і генеральны сакратар Сусветнай турыстычнай арганізацыі. Яго дзелавая праграма распісаная на тры дні наперад, падчас якой запланаваныя сустрэчы з прэм'ер-міністрам краіны і міністрам замежных спраў. Эксперты падзеляцца з Беларуссю вопытам па прыцягненні турыстаў. Адны з тэм, якія найбольш абмяркоўваюцца, - гэта папулярызацыя экалагічнага турызму ў краіне, а таксама дапамога ў ажыццяўленні ўнікальнага праекта "З вараг у грэкі".
Пра самыя яркія турыстычныя маршруты гэтага сезона ў рэпартажы Дзмітрыя Цітова.
Ён бывае ў сваім офісе ўсяго некалькі дзён на месяц. Генеральны сакратар Сусветнай турыстычнай арганізацыі ўвесь час у раз'ездах, і кожны раз прымудраецца адкрываць новыя маршруты. Упершыню ў Беларусі і першы раз у жыцці спрабуе бярозавік.
Рэдкага госця ў краінах постсавецкай прасторы ўгаварыў прыехаць міністр спорту і турызму Беларусі падчас Алімпійскіх гульняў у Сочы. Сусветная турыстычная арганізацыя са свайго боку прапанавала дапамогу ў распрацоўцы стратэгіі па прыцягненні турыстаў.
Талеб Рыфаі, генеральны сакратар Сусветнай турыстычнай арганізацыі: "Мы прыехалі з канкрэтным планам. І ўжо на 80 працэнтаў яго прапрацавалі з беларускімі калегамі. Дакумент уключае ў сябе некалькі напрамкаў. І ў першую чаргу - папулярызацыю турыстычнага патэнцыялу Беларусі на міжнародных рынках".
У Міністэрстве спорту і турызму прагназуюць павышаны попыт на беларускія санаторыі і аграсядзібы. Наконт гэтага можна меркаваць і па стэндах выставы, дзе ўладальнікі гэтага бізнесу не шкадуюць грошай на рэквізіты. З маштабных задач - зноў пракласці шлях "з вараг у грэкі". Па прыкладзе Вялікага шаўковага шляху. Гэты праект ужо рэалізавалі ў Азіі.
Вадзім Кармазін, дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі: "Экалагічны турызм для нас вельмі актуальны. У свеце ёсць багаты вопыт. Мы ж напачатку такога шляху, каб задзейнічаць свае нацыянальныя паркі, заказнікі, прыродныя тэрыторыі, якія асабліва ахоўваюцца".
Патэнцыял Беларусі - больш як 20 мільёнаў турыстаў за год. Зараз мяжу перасякаюць каля 6 мільёнаў чалавек. Галоўны козыр Беларусі, на думку міжнародных экспертаў, - культура і геаграфічнае размяшчэнне.
Тут, на выставе, сфарміравалася свая геаграфічная карта. Па суседстве і ЗША, і Германіа, і Турцыя, і Літва. Беларусь чарговы раз пацвярджае статус транспартнага і гандлёвага калідора паміж СНД і Еўропай.
Сусветныя тэндэнцыі ў турызме - гібкая візавая палітыка. Пры распрацоўцы новай дзяржпраграмы развіцця гэтай сферы будзе абмяркоўвацца пытанне наконт патаннення беларускіх віз. А пакуль колькасць нашых турыстаў у Латвіі па мінулым годзе павялічылася ўдвая. Мэр Рыгі, пабываўшы на турыстычнай выставе, прызнаўся, што ў некаторых прадстаўнікоў дыпкорпусу Латвіі больш сваякоў у Беларусі, чым на радзіме.
Ніл Ушакоў, старшыня Рыжскай думы (Латвія): "У нас беларусы - гэта другая па велічыні этнічная група. У нас і беларускія школы ёсць у Рызе, шмат нацыянальных калектываў. Напрыклад, у нас у дэлегацыі шмат людзей, у каго ёсць у Мінску сваякі. Мы іх ніяк сабраць не можам".
У XVIII Міжнародным кірмашы турыстычных паслуг "Адпачынак-2015" бяруць удзел больш за 220 кампаній. Па выніках першага дня ўжо забраніравана больш як 300 пуцёвак.













