У Мінску адкрылася Міжнародная медыцынская выстава

12 марта 2019

У Беларусі аптымізуюць сістэму аплаты працы медыкаў, заявіў Міністр аховы здароўя Беларусі Валерый Малашка на адкрыцці Міжнароднай медыцынскай выставы. Паводле яго слоў, прымяненне гэтай методыкі не прывядзе да памяншэння зарплаты дактароў. Будзе распрацавана новая шкала, якая ўлічыць пытанні спецыфікі працы і напружанасці кожнага. Міністр падкрэсліў, што заработная плата медыкаў з верасня 2018 года значна павялічылася. Памяняліся і абавязкі. Напрыклад, тэрапеўтаў актыўна замяняюць урачы агульнай практыкі, кабінет якіх, дарэчы, сёння паказалі на медыцынскай выставе. Таксама тут прадэманстравалі і першы беларускі тамограф. 7 такіх апаратаў ужо гэтай вясной паставяць у рэгіёны. Форум сабраў 200 экспанентаў з 15 краін. Дарэчы, сёлета ўпершыню тут можна нават прайсці абследаванне ў вузкіх спецыялістаў і наведаць музей гісторыі медыцыны. На адкрыцці выставы пабывала Юлія Грызунт.

Год таму на медыцынскай выставе паказалі прататып першага беларускага тамографа. Сёння тут ужо гатовы апарат. Такія ж гэтай вясной з'явяцца ў клініках сямі рэгіёнаў нашай краіны. А ў будучыні, магчыма, і ў кожным беларускім медцэнтры. 

Усё геніяльнае проста. І гэта асабліва адчуваецца сёння, калі, здавалася б, усё ўжо вынайшлі. Задача - зрабіць працу медыкаў максімальна зручнай. Гэтыя дугі прызначаны для аперацый на пазваночніку. Такі выгін дазваляе правесці ўмяшанне ў пацыентаў з рознымі хваробамі спіны. Дарэчы, аналагаў айчыннай вынаходкі ў суседніх краінах няма. А таму ўжо зараз, калі апарат яшчэ нават не прадаецца, паступаюць заказы як з Беларусі, так і з-за мяжы. 

Выстава можа быць цікавая не толькі медыкам. Для гасцей  форуму тут абсталявалі музей медыцыны з унікальнымі экспанатамі. Некаторыя стэнды дэманструюць у нашай краіне ўпершыню. 

100 гадоў  таму ў Беларусі пачалі вырабляць стаматалагічнае абсталяванне. У гонар юбілею на выставе разгарнуўся музей зубнога тэхніка. Тут можна ўбачыць арыгінальны стол, за якім спецыялісты рабілі пратэзы. Побач  нажная бормашына, якой ужо больш  за стагоддзе. Тады было цяжка ўявіць сабе, што ў нас у краіне будуць вырабляць цэлыя стаматалагічныя ўстаноўкі. Вось самыя новыя з іх. Тут ёсць камеры, каб пацыент мог сам убачыць, якія ў яго праблемы, і прыстасаванне для адбельвання зубоў.

На працягу  паўгода новыя стаматалагічныя крэслы пачнуць з'яўляцца ў беларускіх клініках. Дарэчы, прайсці агляд у розных дактароў сёлета можна прама на выставе. Тут працуюць стаматолагі, кардыёлагі і нават касметолагі. Ёсць і фармацэўтычныя стэнды, дзе можна не толькі купіць лекі, але і атрымаць кансультацыю спецыялістаў. 

Валерый Малашка, Міністр аховы здароўя Беларусі: "Вельмі важна, што фармацэўтычныя кампаніі паказваюць інавацыйныя распрацоўкі. Гэта лекавыя прэпараты, якія сёння не толькі джэнерыкі, але і лекі ўласнай распрацоўкі, якія таксама знайшлі прымяненне за апошні год у практычнай ахове здароўя".

Свае распрацоўкі паказалі не толькі беларусы. На выставе 200 экспанентаў з 15 краін. Многія пакуль у адзінкавым экзэмпляры. Ужо за імі ў найбліжэйшай будучыні  прастата ў прымяненні для медыкаў і надзея на выздараўленне для мільёнаў пацыентаў з усяго свету. Прадоўжыцца форум інавацый да пятніцы.