У Мінску адкрылася кніжная выстава-кірмаш

11 февраля 2015

Мінск сёння стаў не толькі буйной палітычнай пляцоўкай, але і цэнтрам кніжнай індустрыі. У сталіцы адкрылася найбуйнейшая за ўсю гісторыю кніжная выстава-кірмаш, якая прыняла 28 краін з усяго свету. Іерогліфы на чарапашых панцырах 14 стагоддзя да нашай эры, 3D-друк і лепшы фотаальбом беларускіх замкаў.

Паліна Іванча прагартала рэдкія выданні. Прачытаць гэту трылогію вядомага навэліста Лу Яо вось ужо два дзясяткі гадоў сваім доўгам лічыць практычна кожны кітайскі падлетак. Сёння бестселер пад назвай "Звычайны свет" на паліцы кніжнага стэнда Кітая ў беларускай сталіцы. Экспазіцыя плошчай паўтысячы квадратных метраў атрымала статус ганаровага госця на 22 Мінскім міжнародным кніжным кірмашы.

Сёлета ў Мінск прыехалі пісьменнікі, журналісты і выдаўцы з рэкорднай колькасці краін - 28. Упершыню кніжную прадукцыю беларускай аўдыторыі паказала Бразілія. Галоўны экспанат стэнда - серыя паштовак нацыянальнага жывапісу ў стылі "Наіў". Усе сабраныя ад іх продажу грошы перададуць у Мінскі заапарк у карысць бразільскіх туканоў.

Цэнтральнае месца экспазіцыі аддадзена расійскаму стэнду, ён, дарэчы, займае 125 квадратных метраў. Дэлегацыя сёлета прывезла больш як 2 тысячы кніг вядучых выдавецтваў. Усе яны пасля заканчэння выставы будуць падораныя адной з беларускіх бібліятэк. У тым ліку адзін з найважнейшых экспанатаў - вось гэтая кніга, дзе сабраныя лісты сучасных дзяцей іх прадзедам і дзядулям, якія 70 гадоў таму не вярнуліся з Вялікай Айчыннай вайны.

Тэма Вялікай перамогі - адна з галоўных на беларускім форуме. Паліцы з кнігамі аб гэтай вайне ёсць практычна на кожным стэндзе. У выставачным цэнтры размясціліся лепшыя працы міжнароднага конкурсу патрыятычнага плаката. Яна ж - адна з галоўных тэм дыскусіі літаратараў. На міжнародны сімпозіум у Мінск прыехалі больш як 3 дзясяткі пісьменнікаў з 15 краін.

І зусім не важна, напісана гэта на чарапашых панцырах у 14 стагоддзі да нашай эры або надрукавана сёння, 11 лютага, на 3D-прынтары 5 пакалення. Пагартаць жа кніжныя рарытэты і дакрануцца да высокіх тэхналогій бібліятэк будучыні можна будзе да 15 лютага.