У Мінску вызначаць новую сусветную паштовую стратэгію на 2017-2020 гады

17 июня 2015

На канферэнцыі ў беларускай сталіцы экспертам трэба будзе падрыхтаваць праект гэтага дакумента. Канчаткова ж яго прымуць праз год на Стамбульскай сусветнай паштовай канферэнцыі. Чаму пляцоўкай для абмеркавання стаў менавіта Мінск і як ацанілі ўзровень развіцця беларускай пошты міжнародныя эксперты?

Расказвае Наталля Тарасюк. Абмеркаваць новую паштовую стратэгію свету ў беларускую сталіцу прыехалі больш за паўсотні спецыялістаў з двух дзясяткаў краін. Пляцоўкай для такой канферэнцыі Мінск стаў невыпадкова. Узровень развіцця нашай пошты высока ацаніў кіраўнік Сусветнага паштовага саюза. Прычым не толькі на аснове статыстыкі і вынікаў працы, а асабіста наведаўшы Мінскі паштамт.

Бішар Хусейн, генеральны дырэктар Сусветнага паштовага саюза: "Белпошта - адна з тых паштовых службаў свету, якія найбольш дынамічна развіваюцца. У мяне была магчымасць асабіста прааналізаваць працу прадпрыемства і ацаніць прафесіяналізм яго супрацоўнікаў. Больш за тое, Белпошта прыняла ўдзел у праекце нашай арганізацыі пад назвай "Рэгіянальнае развіццё паштовай сувязі", які быў запушчаны ў 2012 годзе. І я вельмі ўражаны вынікамі".

Удзельнікі канферэнцыі дэталёва абмяркуюць і ролю пошты ў віртуальным гандлі. Беларусь у гэтым пытанні адзін з лідараў. Акрамя аператыўнасці апрацоўкі замежных заказаў, Белпошта запусціла і ўласны інтэрнэт-магазін.

Ірына Саксонава, генеральны дырэктар РУП "Белпошта": "Рэалізуецца пілотны праект, так званы спрошчаны экспарт, які дазволіць на тэрыторыі нашай краіны падтрымаць малы і сярэдні бізнес. Гэта людзі, якія займаюцца вытворчасцю нейкіх тавараў і якія з-за невялікіх аб'ёмаў не могуць выйсці на замежныя рынкі. Гэты праект міжнароднага бюро СПС і настроены на развіццё ўнутранага экспарту тавараў, г. зн. па паштовых каналах гэта можна будзе экспартаваць у 192 краіны свету".

Пошук новых паштовых паслуг, якімі актыўна скарыстаецца спажывец, - прыярытэт і для іншых краін У Еўропе зараз адзначаюць зніжэнне аб'ёму пісьмовай карэспандэнцыі. Спад паказчыкаў трэба кампенсаваць.

Дэлегаты абмяркуюць і магчымасць кааперацыі розных паштовых сетак для паляпшэння якасці паслуг. У першую чаргу, гэта пытанні дастаўкі пасылак і стварэння так званых кантактных пунктаў.

На падрыхтоўку праекта новай сусветнай паштовай стратэгіі ва ўдзельнікаў ёсць два дні. Дакумент павінен улічыць не толькі асаблівасці і перспектывы развіцця рынку паштовых паслуг у кожнай краіне, але і ўжо змяшчаць прапановы на глабальным узроўні. Афіцыйна ж новую паштовую стратэгію плануюць прыняць у наступным годзе ў Стамбуле.