У Мінску афіцыйна адкрылі веласезон

12 мая 2018

Фестываль "Viva Ровар" праходзіць ужо чацвёрты раз. Сёлета велакарнавал сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў - больш за 18 тысяч чалавек. Здзіўлялі аматары двухколавага транспарту і сваімі крэатыўнымі касцюмамі. На свяце пабывала Крысціна Камыш.

Веласіпедная сталіца Еўропы - Амстэрдам - сёння зайздросціла Мінску. Яшчэ да пачатку колькасць удзельнікаў фестывалю "Viva Ровар" перавысіла 18 тысяч чалавек - абсалютны рэкорд. Гэта тыя, хто прайшоў бясплатную рэгістрацыю. Неабходная яна была для атрымання імяннога нумара з фатаграфіяй. Былі і тыя, хто далучыўся да велакалоны ўжо на старце.

Клапаціліся аматары двухколавага транспарту не толькі аб "біпе" на сваіх жалезных конях, але і аб касцюмах. На праспекце Пераможцаў усё як у казцы Карнея Чукоўскага: на веласіпедах мядзведзі, каты, сабакі - у каго на што хапіла фантазіі.

Конкурс на лепшы касцюм - гэта бонус ад арганізатараў. Прыз за лепшы вобраз - новенькі веласіпед. Сюды прыехалі кампаніямі, сем'ямі, парамі. Тут і маленькія дзеці, і людзі старэйшага пакалення.

Эканамісты падлічылі, выгада за год ад язды на двухколавым для адной краіны - 500 мільярдаў еўра. Яшчэ аб плюсах: веласіпедыст рухаецца з сярэдняй хуткасцю 35 кіламетраў за гадзіну. Стрэлка на спідометры аўтамабіля па заторах не паднімаецца вышэй за адзнаку 28.

Маршрут велакарнавала - ад стэлы да "Мінск-Арэны" і назада. Разам 10 кіламетраў і 400 метраў. У фестывалі дазволена ўдзельнічаць на скейтбордах і самакатах. Аднак галоўнае - вытрымаць хуткасць на дыстанцыі - 15 кіламетраў за гадзіну. І вось такім дружным і прыгожым натоўпам толькі наперад.

Адным з першых фінішаваў Яўген Каралёк. Спартсмену да гэтага не прывыкаць: ён дзеючы чэмпіён свету па веласпорце на трэку.

Каб даехаць да фінішу, спатрэбілася 30 хвілін. Свята прадоўжылася ўжо ў парку Перамогі. Было арганізавана больш за 30 забаўных пляцовак. Як вынік - веласезон афіцыйна адкрыты.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя