У Мінску абмяркоўваюць пытанні міжнароднай бяспекі

5 декабря 2019
Гаварылі сёння ў Мінску і аб глабальнай бяспецы. Так, пабудова надзейнай сістэмы толькі сіламі дзяржавы немагчыма, важным аспектам з'яўляецца ўзаемадзеянне з дзелавой супольнасцю. Гэта агучыў старшыня КДБ Валерый Вакульчык на міжнароднай канферэнцыі. Глабальная лічбавізацыя змяняе свет і характар сучасных пагроз. Пад удар становіцца бяспека ўсяго чалавецтва. Сёння адэкватна рэагаваць на выклікі і пагрозы можна толькі на аснове перадавых навуковых ведаў і тэхналогій. Прынцыповая пазіцыя Беларусі - у комплексным падыходзе да вырашэння пытанняў па пабудове эфектыўнай архітэктуры бяспекі. Наша краіна вылучыла шэраг міратворчых ініцыятыў, а Мінск рэгулярна становіцца пляцоўкай для правядзення міжнародных форумаў высокага ўзроўню па розных праблемах бяспекі. Беларусь паслядоўна развівае партнёрскія адносіны ў рамках ААН, СНД, АДКБ, Саюзнай дзяржавы, а таксама Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і АБСЕ. 

Алег Макараў, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў: "Мы бачым як краіны адгароджваюцца адна ад адной, мы бачым, як краіны ствараюць у сябе кіберкамандаванні, кібервойскі і іншыя лініі абароны і наступлення ў тым ліку - сітуацыя змяняецца. Сёння на пярэдні план выходзіць пытанне бяспекі. І якая гэта будзе бяспека - у акопе з кіберзброяй або гэта будзе бяспека, якая стане вынікам дамоўленасцяў, прававых нормаў, правіл паводзін. Гэта тое пытанне, якое павінны абмеркаваць і вельмі хутка, таму што вельмі імкліва гэта тэма развіваецца".

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя працягне сваю працу і заўтра.