У Мінску абмяркоўвалі актуальныя пытанні вымушанай міграцыі

7 сентября 2015

На жаль, тэма вымушанай міграцыі актуальная і для Беларусі, перш за ўсё, у сувязі з падзеямі ва Украіне. Сёння за круглым сталом у Мінску парламентарыі, прадстаўнікі органаў дзяржулады, экспертных і дзелавых колаў, а таксама міжнародных арганізацый абмяркоўвалі, як вырашаць пытанне з мігрантамі. Выслухала Вольга Давідовіч.

Аблегчаныя правілы ў мінулыя выхадныя дазволілі дзесьці 15 тысячам мігрантаў перасекчы аўстрыйскую мяжу. Адны застаюцца ў Аўстрыі, другія накіроўваюцца далей - у Германію. Раней улады ФРГ і Венгрыі выступілі з заявамі, з якіх бачна, што рашэнне прапусціць тысячы мігрантаў праз мяжу насуперак правілам ЕС не будзе насіць прэцэдэнтнага характару.

Віктар Орбан, Прэм'ер-міністр Венгрыі: "У асноўным, гэтыя людзі не шукаюць палітычнага прыстанішча. Яны шукаюць лепшае жыццё. Згодна з міжнароднымі правіламі, мы ўсіх рэгіструем і разглядаем кожны выпадак. Калі яны хочуць ісці далей, гэта іх справа. Але мы даём прыстанішча ў адпаведнасці з міжнароднымі канвенцыямі".

У Германію транзітам з Аўстрыі толькі за суткі прыбылі 3 тысячы бежанцаў, у дарозе яшчэ як мінімум 2 з паловай тысячы.

Але далёка не ўсе настроены так дабрадушна. Напярэдадні ў Дортмундзе, куды прыбыў адзін з цягнікоў з мігрантамі, ля будынка вакзала адбыліся сутыкненні антыфашыстаў з правымі радыкаламі, якія выступалі супраць наплыву нелегалаў. Пытанне бяспекі застаецца адным з галоўных. Паводле інфармацыі заходніх СМІ, пад выглядам бежанцаў у Еўропу маглі прабрацца сотні баевікоў ІГІЛ.

Зейнал Гаджыеў, кіраўнік прадстаўніцтва міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі: "Людзі, якія займаюцца кантрабандай людзей, якія за гэта атрымліваюць вялізныя грошы… Гэта вялікі бізнес, які можна параўнаць з гандлем наркотыкамі і зброяй… Вельмі актыўна ідзе працэс вербавання, уцягвання мігрантаў, якія ад безвыходнасці і роспачы паддаюцца на гэтыя хітрасці. Таму ў гэтым пытанні павінна быць праца сумесная… як краін прыёму, так і зыходу, і міжнародных арганізацый".

Зразумела, што неабмежаваны паток бежанцаў можа легчы невыносным фінансавым цяжарам на Еўропу, а таксама паставіць пад пагрозу каштоўнасці ЕС. Кіруючая кааліцыя Германіі на прыём бежанцаў і мігрантаў выдзеліць 6 мільярдаў еўра, з разліку, што прыме на сваёй тэрыторыі 800 тысяч чалавек. Іх неабходна забяспечыць харчаваннем і медыцынскай дапамогай.

Аляксандр Вучыч, Прэм'ер-міністр Сербіі: "Гэта праблема не Германіі або іншых асобных краін, гэта праблема ўсёй Еўропы, не толькі ЕС. Мы гатовыя супрацоўнічаць не толькі з Германіяй, але і з іншымі краінамі Еўрапейскага саюза. Мы бяром на сябе частку адказнасці і маем намер устойліва супрацоўнічаць з еўрапейскімі партнёрамі".

Ці зможа Еўропа максімальна аб'яднаць намаганні ў супрацьстаянні гэтаму выкліку, магчыма, высветліцца па выніках саміту, прызначанага на 14 верасня.

Тэма вымушанай міграцыі апошнія гады закранула шматлікія краіны, у тым ліку і Беларусь. У чэрвені гэтага года ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу паступіў законапраект, закліканы ўдасканаліць заканадаўства нашай краіны ў гэтай галіне, у тым ліку на выпадак масавага прыбыцця бежанцаў у рэспубліку.

Аляксандр Татура, намначальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі: "Законапраект прадугледжвае ўвядзенне адпаведнай нормы ў закон аб вымушанай міграцыі, якая будзе прадугледжваць распрацоўку адпаведнага парадку...".

За апошнія два гады, у асноўным у сувязі з падзеямі ва Украіне, паток вымушаных мігрантаў у нашу краіну павялічыўся. Пры гэтым жыхары Данбаса не трапляюць пад крытэрый для атрымання статусу бежанца.

Жан Іў Бушардзі, прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі: "Тое, што зараз адбываецца ў Еўрасаюзе ў плане масавага прыбыцця іншаземцаў, гэта ўрок і для краін ЕС, і для іншых дзяржаў. Неабходна мець нейкі запасны план экстранных дзеянняў у выпадку масавага прыбыцця іншаземцаў у канкрэтна ўзятыя дзяржавы. Беларусь, як краіна, была добра падрыхтавана да прыезду вялікай колькасці ўкраінцаў. Зыходзячы са статыстыкі, мы гаворым аб лічбах 100-140 тысяч грамадзян Украіны. І толькі каля 1% звярнуліся па абарону ў краіне".

За 6 месяцаў гэтага года статус бежанцаў у Беларусі атрымалі 7 чалавек - 5 з Афганістана, па 1 - з Лівана і Сірыі. Статус дадатковай абароны быў дадзены 392 украінцам, 37 сірыйцам, 7 лівійцам і 1 ліванцу.