У Мінску назвалі пераможца трэцяга нацыянальнага конкурсу "Сям'я года"

27 октября 2017

Некалькі гадзін таму ў Мінску, у Тэатры юнага гледача, назвалі імя пераможца трэцяга нацыянальнага конкурсу "Сям'я года". Узнагароду павязуць у Гомельскую вобласць. Дыплом першай ступені, грашовы прыз атрымала сям'я Петрушко. У іх шасцёра дзяцей, і гэта самыя шматдзетныя бацькі конкурсу. За званне лепшых змагаліся сем каманд (ад кожнай вобласці плюс Мінск). Сем'і рыхтаваліся больш чым год - здымалі аб сабе ролікі, распрацоўвалі сцэнічны вобраз і стваралі сацыяльны праект. Наш тэлеканал сачыў за падрыхтоўкай усіх удзельнікаў.

Фінал, бадай, самага душэўнага конкурсу краіны ў рэпартажы Таццяны Кароль.

Яны рыхтаваліся да гэтага выступлення амаль год, прайшлі этапы адбору: раённы, гарадскі і абласныя туры. Сем каманд-фіналістаў зараз на сцэне Тэатра юнага гледача змагаюцца за Гран-пры нацыянальнага конкурсу "Сям'я года".

І зараз лепшыя сем'і Беларусі прэзентуюць гісторыю свайго роду, праз пяціхвіліннае выступленне-візітоўку гавораць аб сваіх шчаслівых буднях і дэманструюць сацыяльны праект.

Вось яно - хвалюючае закуліссе ўдзельнікаў за некалькі хвілін да выступлення. Праўда, стрымліваць эмоцыі і паказаць вынік камандам дапамагаюць рэжысёры-пастаноўшчыкі - гэта педагогі Універсітэта культуры і мастацтваў, якія напярэдадні правялі з канкурсантамі і генеральную рэпетыцыю. Але, знаходзячыся тут, мы адзначылі, што ў кожнай сям'і ёсць і свае рытуалы перад выхадам да гледача і журы.

Усе сем'і-канкурсанты розныя - тут і артысты, і бізнесмены, і педагогі. Але ўсіх аб'ядноўвае адно: яны здолелі стварыць моцную сям'ю - прыклад для многіх.

Упершыню пра такі сямейны конкурс загаварылі ў 2012 годзе. Тады перамагла сям'я з Магілёва. Праз два гады Гран-пры адправіўся ў Наваполацк. І вось ён, той самы доўгачаканы момант - журы аб’явіла "Сям'ю года - 2017".

Каб вызначыць пераможца, члены журы раіліся без малога 40 хвілін. Аказалася, што ацэньваць сямейнае шчасце не так ужо і проста. Дарэчы, для кожнага з удзельнікаў арганізатары падрыхтавалі каштоўныя падарункі. Сярод іх грашовыя прызы: за дыплом першай ступені 100 базавых велічынь, другой - 75 базавых, трэцяй ступені - 50. А таксама кожная каманда атрымала планшэты, сертыфікаты на набыццё тэхнікі, забаўныя абанементы і не толькі.

Вядома, пасля фіналу, пацвярджаюць каманды, засталася смутная нота заканчэння чароўнай казкі сямейнага яднання на сцэне. Але ў іх сэрцах няма сумненняў, што такі смелыы і душэўны прыклад - паказаць свой побыт на ўсю краіну - літаральна заразіць іншыя сем'і паглядзець на свае ідэалы жыцця прасцей і навучыць шанаваць простае сямейнае шчасце.