У Мінску назвалі імёны пераможцаў маштабнага конкурсу "100 ідэй для Беларусі"

24 февраля 2015

Гэтыя ідэі змогуць унесці наватарскую жылку не толькі ў адукацыю, але і ў іншыя сферы нашай краіны. У Мінску назвалі імёны пераможцаў маштабнага конкурсу "100 ідэй для Беларусі". Самыя карысныя навуковыя распрацоўкі на гэты раз шукалі больш чым год. За месца ў фінале змагаліся больш за тысячу ідэй. Роўна сто сёння прадэманстравалі на вялікай экспазіцыі ў "Белэкспа". І з іх толькі 10 трыумфатараў.

Чым здзівілі маладыя навукоўцы, даведвалася Паліна Іванча. Перамясціцца ў восень 1942-га, убачыць танкі 70-гадовай даўніны і прайсціся па плане аперацыі "Баграціён". Зараз гэта можа кожны школьнік у віртуальным музеі тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сёння гэтую адну са ста лепшых маладзёжных ідэй для Беларусі прэзентавалі на вялікай экспазіцыі ў Мінску.

Хвілінай пазней гучаць імёны астатніх пераможцаў маштабнага рэспубліканскага конкурсу "100 ідэй для Беларусі". Сярод лепшых праектаў дзеючы прататып біяморфнага робата, антыслізкае пакрыццё пешаходных пераходаў, новыя ветэрынарныя медыкаменты.

Самыя карысныя навуковыя распрацоўкі на гэты раз шукалі больш чым год. Роўна сто ідэй у выніку выйшлі ў фінал. З іх толькі 10 трыумфатараў. На рэалізацыю першага крока свайго праекта яны атрымаюць гранд ад Беларускага інавацыйнага фонду памерам 11 мільёнаў рублёў.

Са статусам фіналіста кожная са ста ідэй па сутнасці ўжо набыла статус пераможца. Такое меркаванне выказаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч. Ён асабіста адкрыў выставу. У падарунак жа ад беларускіх вынаходнікаў высокі госць форуму атрымаў сімвал інавацыйнага плёну - яблык, надрукаваны на 3D прынтары.

Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "Тут хацелася б выдзеліць актыўнасць студэнцкай моладзі. І што вельмі выдатна, што многія юнакі і дзяўчаты прапанавалі праекты па профілі сваёй дзейнасці, гэта значыць тыя, якія працуюць у сферы матэрыяльнай вытворчасці або ў сферы абслугоўвання. Большую актыўнасць магла б праявіць моладзь, якая працуе на прафесійнай аснове ў навуковых установах".

Адна з навуковых ідэй (дарэчы, яшчэ адзін шчаслівы ўладальнік гранта) – праект спецыялістаў Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем - лекі супраць анкалогіі страўніка.

Дзяніс Адамчык, малодшы навуковы супрацоўнік НДІ фізіка-хімічных праблем Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: "Хвораму выдаляецца пухліна, і для таго каб забіць астатнія ракавыя клеткі, гэты прэпарат у выглядзе гідрагелю будзе лакальна нанесены на органы, што былі паражоныя пухлінай. Прэпарат праспідэлонг не мае аналагаў у свеце на сённяшні дзень. Для такіх хворых выкарыстоўваецца альбо ўнутрывенная хіміятэрапія, альбо прамянёвая".

Зараз субстанцыя і гатовая форма праходзяць клінічныя выпрабаванні, першы этап якіх прэпарат вытрымаў і паказаў пазітыўны вынік у 100 працэнтах выпадкаў. Калі ж такая тэндэнцыя працягнецца, лекі можна будзе ўбачыць на паліцах беларускіх апатэк ужо ў 2017 годзе.

За тры з паловай гады конкурс "100 ідэй для Беларусі" аб'яднаў больш як 7 тысяч маладых навукоўцаў. У 2015-м нацыянальны конкурс стане падмуркам першынства міжнароднага - "100 ідэй для СНД". Яго вынікі прагучаць на ўрачыстай цырымоніі ў беларускай сталіцы напачатку наступнага года.