У Мінску пачаўся набор у гурткі і секцыі на новы навучальны год

24 августа 2015

Лінгвістычныя курсы, тэатральныя гурткі і клуб праграміравання пасля заняткаў у школе. У Мінску пачаўся набор у гурткі і секцыі на новы навучальны год. Толькі ў Палацы дзяцей і моладзі можна выбраць адзін з 800 розных кірункаў як творчых, так і навуковых. Большасць заняткаў праводзяць бясплатна. Надзея Сербіненка даведалася, якія напрамкі дадатковай адукацыі з’явяцца сёлета.

Да пачатку навучальнага года яшчэ тыдзень. Але ў бацькоў ужо ёсць магчымасць выбраць для сваіх дзяцей дадатковы адукацыйны профіль.

Палац дзяцей і моладзі адкрывае набор на новы навучальны год. У гурткі і секцыі прымаюць дзяцей ва ўзросце ад двух гадоў. Тут адкрыта больш за 800 напрамкаў – ад дэкаратыўна-прыкладной творчасці да клубаў юных журналістаў, архітэктараў і авіямадэлістаў.

Маці трох дзяўчынак Анастасія Алесенка вырашыла запісаць дзяцей у гурткі сёння - у першы дзень набору. Для кожнай з дачок свой профіль. Трох- і пяцігадовыя – у клуб маленькіх мастакоў, для васьмігадовай школьніцы курсы англійскай мовы.

Сёлета Палац дзяцей і моладзі прыме рэкордныя 8 тысяч дзяцей, школьнікаў і студэнтаў. Дашкольнікаў навучаць чытаць, пісаць і лічыць. Для дзяцей ад сямі гадоў заняткі па паглыбленым вывучэнні замежнай мовы, а таксама па праграміраванні.

Галіна Шкляр, дырэктар Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі: "Для падлеткаў мы пашырылі спектр навуковых гурткоў. Паколькі ў нас дзейнічае дагавор з Акадэміяй навук, на базе іх інстытутаў будуць працаваць гурткі "Біятэхналогія", "Эксперыментальная батаніка".

Але аднымі з самых папулярных напрамкаў застаюцца творчыя – секцыі танцаў, вакальныя і тэатральныя гурткі.

Большасць курсаў у Палацы дзяцей і моладзі бясплатныя. За заняткі ў некаторых секцыях прыйдзецца заплаціць ад 200 тысяч рублёў за месяц. Выбраць свой напрамак можна да 6 верасня. А заняткі пачнуцца з 10-га.