Сёння ў Мінску пачала працу міжнародная канферэнцыя ЮНІСЕФ

12 ноября 2014

Сёння ў Мінску пачала працу міжнародная канферэнцыя ЮНІСЕФ высокага ўзроўню для краін Цэнтральнай, Усходняй Еўропы і краін СНД. Яе галоўная тэма - Умацаванне нацыянальных механізмаў у сферы абароны дзяцей ад нядбайнага, жорсткага абыходжання, гвалту і эксплуатацыі . Заканадаўчы вопыт Беларусі ў гэтым кірунку годны высокай ацэнкі, гэта адзначыла дырэктар рэгіянальнага бюро Дзіцячага фонду ААН Мары-П'ер Пуар'е . Паводле яе слоў, вялікую цікавасць для міжнароднай супольнасці мае і беларускі вопыт па прыстройванні дзяцей-сірот на выхаванне ў прыёмныя сем'і, а таксама па вяртанні іх у родныя сем'і.


Мары-П'ер Пуар'е, дырэктар рэгіянальнага бюро Дзіцячага фонду ААН для краін Цэнтральнай, Усходняй Еўропы і краін СНД: Першая прычына чаму мы зараз знаходзімся тут, гэта таму, што Беларусь сама выказала цікавасць наладзіць з намі партнёрства і вынесці гэтую вельмі складаную тэму на абмеркаванне. І сапраўды, Беларусі ёсць чым падзяліцца з іншымі краінамі ў плане ўласнага напрацаванага вопыту ў гэтай галіне.


Канферэнцыя ЮНІСЕФ праходзіць па ініцыятыве Беларусі, яна прадоўжыцца 2 дні. Яе ўдзельнікі, а гэта больш за 150 чалавек у складзе 19 афіцыйных дэлегацый, абменьваюцца меркаваннямі, вопытам і найлепшымі практыкамі ў сферы стварэння эфектыўных сістэм абароны дзяцінства, умацавання міжведамаснага ўзаемадзеяння ў гэтым пытанні, дзейнасці нацыянальных устаноў па пытаннях абароны правоў дзіцяці, а таксама абмяркоўваюць актуальныя для краін рэгіёна праблемы ў дадзенай сферы.