У Мінску на плошчы Дзяржаўнага флага стартавала патрыятычная акцыя Белтэлерадыёкампаніі

14 мая 2017

Беларусь сёння адзначае Дзень Дзяржаўнага герба і флага. Са святам павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. У гэтыя хвіліны на плошчы Дзяржаўнага флага ў Мінску стартавала патрыятычная акцыя Белтэлерадыёкампаніі.

Там знаходзіцца наш карэспандэнт Алена Борматава. Яна сочыць за апошнімі падзеямі (прамое ўключэнне).

Добры дзень. Літаральна пару хвілін таму на плошчы Дзяржаўнага флага далі старт маштабнай акцыі Белтэлерадыёкампаніі «Слаўся, зямлі нашай светлае імя». Выкананне ўсімі ўдзельнікамі – а гэта некалькі тысяч чалавек – гімна нашай краіны адбудзецца крыху пазней. Канцэпцыя сённяшняга мерапрыемства, апроч галоўнага твора нацыі, уключае ў сябе выкананне яшчэ некалькіх знакавых музычных і літаратурных кампазіцый. Як раз зараз гучыць «Радзіма мая дарагая». Аўтар – адзін з класікаў беларускай кампазітарскай школы Уладзімір Алоўнікаў.

Выкананне ж гімна стане кульмінацыяй акцыі і адначасова фіналам праекта на арыгінальнае выкананне музычнага сімвала Беларусі. Конкурс пачаўся на Першым канале Беларускага радыё яшчэ ў верасні мінулага года. Заяўкі падалі 53 калектывы, а гэта без малого 2 тысячы чалавек. Конкурс праходзіў адразу ў трох намінацыях – харавое і ансамблевае выкананне, выкананне сола ў некалькі тураў. Лепшых выбірала прафесійнае журы, якое ўзначальваў аўтар беларускага гімна.

Галоўная песня нацыі, песня нашай шматвекавой гісторыі мае сваё эталоннае гучанне. Музычная інтэрпрэтацыя гімна ў канкурсантаў не павінна была супярэчыць эталону. Партытура і тэкст павінны былІ заставацца нязменнымі. Арыгінальнае выкананне – не значыць «як захочацца». Арыгінальнасць – гэта хутчэй выканальніцкая рэдакцыя.

Гімн разам з фіналістамі акцыі будзе выконваць акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі і адразу тры аркестры – сімфанічны аркестр галоўнага медыяхолдынга краіны, духавы - з Ваеннай акадэміі і аркестр Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Тэлеверсію маштабнай патрыятычнай акцыі можна будзе ўбачыць у эфіры тэлеканалаў медыяхолдынга.