У Мінску прыгатавалі самы вялікі лагман у свеце

20 октября 2014

У Мінску наладзілі кулінарную цырымонію, якая трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Упершыню ў гісторыі кулінарыі прыгатаваны самы вялікі лагман у свеце. Для сярэднеазіяцкай стравы знакамітыя кухары разам з зоркамі беларускай эстрады і вядучымі Белтэлерадыёкампаніі выкарысталі больш за паўтара цэнтнера мяса, гародніны і звыш кіламетра локшыны. Да дэгустацыі далучыўся Аляксандр Харавец.


Для прыгатавання гіганцкага лагмана сабралася і рэкордная група кухараў пад кіраўніцтвам знакамітага шэф-повара узбекскай кухні Хакіма Ганіева. Усе інгрэдыенты, перад тым як адправіцца на апрацоўчыя дошкі кулінараў, абавязкова ўзважваюцца. Пасля чаго за справу бяруцца спецыялісты.


На адной кухні як знакамітыя кулінары, так і зоркі беларускай эстрады. Канешне, наразаць гародніну і цягнуць локшыну ў выканаўцаў атрымліваецца не так спрытна, як спяваць. Аднак усе яны стараюцца.


Тры гадзіны напружанай працы, літры зоркавых слёз ад цыбулі, ніводнага парэзу вострымі нажамі - і ўсе інгрэдыенты для лагмана накіроўваюцца ў варачны кацёл.


Для прыгатавання гэтага кулінарнага шэдэўра спатрэбілася больш за 70 кілаграмаў мяса бараніны, 60 кілаграмаў локшыны і 100 кілаграмаў гародніны, агульная ж вага самага вялізнага лагмана ў свеце перавысіла тры з паловай цэнтнеры.


Рэкорднай стала не толькі вага стравы, але і хуткасць яе паядання. Прадэгуставаць лагман змаглі ўсе. Асобная порцыя экспрэс-поштай нават адправілася ў Ташкент, дзе смак гіганцкага лагмана ацэняць і музыканты знакамітай узбекскай групы Яла.