У Мінску 9 Мая пройдзе больш за 70 мерапрыемстваў

8 мая 2015

Заўтра Беларусь адзначыць 70-годдзе Перамогі. У Мінску 9 Мая пройдзе больш за 70 мерапрыемстваў. Пачнецца святкаванне з ускладання вянкоў да манумента Перамогі а 9-й гадзіне. Парад войскаў Мінскага гарнізона і спартыўна-маладзёжнае шэсце "Нашы перамогі - табе, Беларусь!" пачнуцца а 11-й гадзіне ля абеліска "Мінск - горад-герой". Асноўныя святочныя гулянні разгорнуцца ў раёне Палаца спорту. Тут адбудуцца канцэрт вядучых творчых калектываў і выканаўцаў, выстава-кірмаш майстроў народнай творчасці "Горад майстроў". Канцэртная праграма "Кветкі Перамогі" пройдзе на тэрыторыі Верхняга горада. Святочныя мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх адміністрацыйных раёнах Мінска.