У Мінск прыехалі журналісты з усяго свету

16 мая 2014

Пад прыцэлам іх фота і відэакамер - увесь чэмпіянат, а ў дыктафонах - запісы інтэрв'ю хакеістаў з усяго свету. У Мінск яны прыехалі не проста ўбачыць і пахварэць, але і распавесці аб гэтым сваёй роднай краіне. Каля паўтысячы прадстаўнікоў масмедыя ў гэтыя дні сочаць за чэмпіянатам свету па хакеі ў беларускай сталіцы.


Лядовыя баталіі вачыма замежных журналістаў у рэпартажы Паліны Іванча. Працоўны дзень Юкі Лохвы, тэлерэпарцёра з Хельсінкі, тут, у Мінску, пачынаецца ў 7 раніцы, а заканчваецца далёка за поўнач. Пад прыцэлам камер гэтай здымачнай группы - усе трэніроўкі і матчы ў Мінск-Арэне. Напярэдадні, прызнаюцца, нават атрымалася запісаць інтэрв'ю з Сяргеем Касціцыным. Ну а сёння, за ўвесь час чэмпіянату, выдаўся першы дзень, калі можна трохі выдыхнуць і агледзецца.


Большасць замежных журналістаў, якія прыехалі асвятляць чэмпіянат свету па хакеі, размясціліся ў адрэстаўраванай гасцініцы Беларусь. Тут у іх распараджэнні кругласутачна некалькі прэс-цэнтраў, зала для прэс-канферэнцый, бясплатны Wi-Fi, а ў якасці бонуса - трэнажорная зала і басейн. Свае медыяцэнтры абсталяваны і ў абедзвюх лядовых арэнах. Афіцыйна яны працуюць да гадзіны ночы, але на справе, як кажуць, да апошняга кліента.


Шматлікія прадстаўнікі СМІ нават аддаюць перавагу заставацца ў медыяцэнтры падчас матчаў. Сачыць за тым, што зараз адбываецца на лёдзе, можна ля тэлевізараў, на вялікім жа экране ідзе трансляцыя гульняў з другой арэны. Спісы каманд, вынікі папярэдніх паядынкаў і іншую важную інфармацыю рэгулярна прыносяць валанцёры.


Сачыць за чэмпіянатам свету па хакеі па рэгламенце могуць 300 журналістаў, 100 фотакарэспандэнтаў і 50 каментатараў з розных краін свету. У Мінску ж працуюць амаль паўтысячы прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, заявак жа было ў два разы больш.


Марці Кайнулайнен у хакеі ўжо трыццаць гадоў, праўда, не на каньках і з клюшкай, а з фотаапаратам. На яго рахунку - 20 чэмпіянатаў свету. У Мінску фатограф упершыню.


А вось праезд у грамадскім транспарце для ўсіх акрэдытаваных журналістаў і ўвогуле нічога не каштуе. Акрамя гэтага ад гасцініцы Беларусь кожны дзень да арэн курсіруюць спецыяльныя шатлы, вяртаюцца назад у гатэль аўтобусы праз гадзіну і 15 хвілін пасля завяршэння матчаў.