У Мінск прыбыў Віфлеемскі агонь

22 декабря 2018

Адну з галоўных святынь Раства па традыцыі сустрэлі заходнія хрысціяне. Сёння ў галоўны каталіцкі храм краіны Прасвятой Дзевы Марыі святы свет даставілі скауты. Радасць сустрэчы з рэліквіяй падзялілі сотні вернікаў. Па-свойму агеньчык Раства запалілі і ў новаадкрытым хрысціянскім сацыяльным цэнтры Мінска. Наталля Бардзілоўская ўбачыла галоўныя калядныя святыні і ўпэўнілася, што Нараджэнне Хрыстовае - свята ад малога да вялікага.

Прывітанне з зямлі Хрыста - агонь Віфлеема. Трыццаць гадоў як пад Каляды ён падарожнічае па свеце. Спачатку ў Еўропе. Яго сустракае Аўстрыя. З Вены праз Польшчу святыня ідзе ў Беларусь. Геаграфічна першымі ад Святога агню запальваюць свечкі Гродзенскага фарнага касцёла. Затым кірунак на Мінск.

Роўны строй маладых людзей. Гукі спеваў. Лунанне сцяга. Гэта скауты ўносяць рэліквію ў галоўны касцёл краіны. Ад цемры да святла. Маленькая лампада дзеліцца полымем з вялікай свечкай сабора Прасвятой Дзевы Марыі. Дзея сёння ў гонар яе, Маці Божай. Святая імша аб'яднала ксяндзоў і вернікаў. Яны са сталіцы і рэгіёнаў сёння тут, каб з высокім настроем вітаць часцінку Віфлеемскага святла, а потым прывезці да свайго касцёла, да сваёй хаты.

Віфлеемскі агонь запалены, і нібы-та вянчае велізарны духоўны праект, прысвечаны яшчэ адной каляднай святыні - аплатцы. Сімвалічны хлябец вернікі звычайна дзеляць адно з адным на Вігілію (каталіцкую куццю). Але напярэдадні ўжо некалькі тыдняў беларускі касцёл праводзіў аплаткавыя сустрэчы. Іх сотні. Ахапілі ўсю Беларусь.

Кіраўнік каталіцкай царквы сёння падвёў вынікі аплаткавых сустрэч. Раздзяліў асвячоны хлеб з выхаванцамі хрысціянскага сацыяльнага цэнтра. Кранальна - малыя і мітрапаліт дзяліліся адно з адным хлебнымі кавалачкамі і пажаданнямі. Нараджэнне Хрыстовае - як уяўляюць яго дзеці - убачылі і пачулі са сцэны і бацькі, і святарства. Каляды ў суполцы па адрасе: вуліца Серафімовіча,19, святкуюць упершыню. Гэта новабудоўля. Цэнтр не мае аналагаў у Беларусі. Юным - ад трох гадоў і за 18. Усім дзеткам тут даюць асновы веры і сілу любові. 

Ад Каляд - да Каляд праходзіць кожны хрысціянскі год. Бягучы для беларускага касцёла прайшоў пад дэвізам: "Моладзь - надзея касцёла і грамадства". Акцэнт на будучае пакаленне. І выхаванне ў яго традыцыйных каштоўнасцях. 

Наступны год на календары каталіцкай канфесіі будзе пазначаны, як Год сям'і. Менавіта такі важны дзяржаўны інстытут, такая значная чалавечая каштоўнасць, як саюз паміж мужчынам і жанчынай і іх дзеці, стане асновай асноў усіх духоўных мерапрыемстваў і праектаў. Іх беларускі касцёл будзе ажыццяўляць разам са сваімі прыхаджанамі і з усім грамадствам. 

Пару дзён - і католікі першымі сустрэнуць вялікае хрысціянскае свята - Нараджэнне Хрыстовае. Пад святлом Віфлеемскага агню праходзяць апошнія дні адвенту - часу пакаяння, малення і надзеі.