У МЗС пракаменціравалі тэму магчымасці ўезду ў нашу краіну па дакументах ЛНР і ДНР

23 февраля 2017

У МЗС пракаменціравалі тэму магчымасці ўезду ў нашу краіну па дакументах самаабвешчаных ЛНР і ДНР. Няпростая гуманітарная сітуацыя ў Данецкай і Луганскай абласцях Украіны прывяла да таго, што за апошнія гады з абодвух бакоў так званай лініі размежавання ў Беларусь прыбылі каля 160-ці тысяч чалавек. Указ Прэзідэнта № 420 "Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Беларусі" быў прыняты ў жніўні 2014 года і дазваляе ў індывідуальным парадку вызваляць грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, ад прад’яўлення некаторых дакументаў, неабходных для прыняцця рашэння па выдачы дазволу на часовае або пастаяннае пражыванне або пасведчання на права жыхарства ў Беларусі ў выпадку аб'ектыўнай немагчымасці іх прад’явіць.

Бо здараецца, што на руках, напрыклад, толькі вадзіцельскае пасведчанне ці ўвогуле страчаныя ўсе дакументы.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Кожны выпадак звароту ўкраінскага грамадзяніна па дапамогу вывучаецца кампетэнтнымі службамі індывідуальна. Да кожнага прымяняецца рэальна індывідуальны падыход, бо здараецца, што на руках, напрыклад, толькі вадзіцельскае пасведчанне або зусім згубленыя ўсе дакументы. Механізм эфектыўна працуе з жніўня 2014 года без прэтэнзій з боку грамадзян, міжнародных гуманітарных арганізацый і структур: нашых, украінскіх, расійскіх, іншых замежных партнёраў. Мяняць штосьці зараз мы пакуль неабходнасці не бачым".

На гэтым тыдні афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі паведаміў, што перасячэнне дзяржмяжы магчыма толькі па дакументах, якія даюць на гэта права. У інфармацыі МУС Беларусі гаворыцца, што Данецкая і Луганская рэспублікі з'яўляюцца непрызнанымі тэрытарыяльнымі ўтварэннямі, у сувязі з чым дакументы, выдадзеныя адпаведнымі органамі ДНР і ЛНР, несапраўдныя на тэрыторыі Беларусі. Разам з тым, пераважная большасць грамадзян, якія прад'яўляюць такія дакументы, падпадаюць пад дзеянне ўказа і ў тым ліку вызваляюцца ад прад’яўлення. Такім чынам рашэнне прымаецца ў залежнасці ад кожнай жыццёвай сітуацыі.