У МЗС Беларусі назвалі меры для актывізацыі барацьбы міжнароднай супольнасці з гандлем людзьмі

1 августа 2017

Падчас брыфінгу, прымеркаванага да Сусветнага дня барацьбы з гандлем людзьмі, намеснік міністра замежных спраў нашай краіны Валянцін Рыбакоў заклікаў усіх партнёраў дзейнічаць разам. Паводле яго слоў, неабходна забяспечыць усеагульнае прытрымліванне ўсіх міжнародна-прававых дакументаў, якія скіраваны на барацьбу з трафікінгам.

Валянцін Рыбакоў, намеснік міністра замежных спраў Беларусі:

"Дыялог вельмі важны. І мы сёння абмяркоўвалі на мерапрыемстве, што важным аспектам з'яўляецца стварэнне партнёрстваў. Мы вельмі рады, што ў нашым мерапрыемстве ўдзельнічалі не толькі традыцыйныя партнёры - дзяржавы, міжнародныя арганізацыі, грамадскія арганізацыі, але і ўпершыню прадстаўнікі бізнесу. Гэта цудоўна, бо правядзенне мерапрыемстваў патрабуе прыцягнення сродкаў. Дапамога прыватных кампаній, беларускага бізнесу для нас вельмі важная".

Значныя намаганні беларускіх улад па процідзеянні гандлю людзьмі як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні адзначылі і прадстаўнікі шматлікіх арганізацый, якія прымалі ўдзел у мерапрыемстве. Сярод іх - МАМ, ЮНІСЕФ і ПРААН.

Зейнал Гаджыеў, кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі:

"Беларусь сапраўды прымае актыўны ўдзел у вырашэнні праблемы. Выступае з ініцыятывамі на розных пляцоўках - рэгіянальных, міжнародных: у Жэневе, у Вене, у Нью-Ёрку, на пляцоўцы ААН. І менавіта дзякуючы Беларусі мы сёння адзначаем гэты дзень - Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі".

У сучасным свеце ахвярамі гандлю людзьмі з'яўляюцца звыш 21 мільёна чалавек. Пры гэтым штогод, паводле звестак міжнародных арганізацый, адзін мільён дзяцей трапляе ў рабства. Новая з'ява - насілле над дзецьмі ў кіберпрасторы. Беларусь з'яўляецца ініцыятарам правядзення ў рамках Генеральнай асамблеі ААН нефармальнага мерапрыемства, прысвечанага, у тым ліку, гэтаму сусветнаму выкліку.