Ёсць слова, якое назаўжды будзе звязана з успамінамі аб той вайне. І кожны раз гэтыя ўспаміны выклікаюць жах і боль. Гэтае слова "Халакост". Толькі ў Мінскім, адным з самых вялікіх гета ў Еўропе, фашысты знішчылі каля 100 тысяч яўрэяў. Аб гэтых страшных старонках гісторыі нам сёння распавядае мемарыяльны комплекс "Яма". Зрэшты, не толькі аб болі, але і гераічнасці тых, хто цаной свайго жыцця ратаваў жыцці іншых. Гэтыя подзвігі нараджаліся скрозь пакуты і слёзы, але яны былі. І яны перамаглі. Зараз іх імёны на алеі Праведнікаў.
Рэпартаж Карыны Пашковай. Прыкладна за гадзіну да пачатку мерапрыемства ля мемарыяла пачалі збірацца людзі. Хтосьці ў гады вайны страціў маці, хтосьці бацьку, брата або сястру, але, на жаль, ні адну сям'ю не абышла страшная трагедыя. Для Раісы Сямашкі гэты дзень і гэтае месца сапраўды сталі святымі. Бо 70 гадоў назад на вачах яшчэ зусім юнай дзяўчыны сваякоў, блізкіх і сяброў расстрэльвалі без суда і следства. Толькі за тое, што на іх грудзях бліскацела жоўтая зорка.
Такіх гісторый толькі ў Мінску 100 тысяч. Менавіта столькі жыццяў забрала сталічнае гета. У цэлым за гады Другой сусветнай вайны 82% даваеннага яўрэйскага насельніцтва Беларусі было знішчана. А гэта каля 800 тысяч чалавек.
2 сакавіка 1942 года прама на гэтым месцы нямецка-фашысцкія захопнікі бязлітасна расстралялі 5 тысяч чалавек яўрэйскага насельніцтва Беларусі. Гэта не проста імёны і лічбы, гэта пэўныя гісторыі лёсаў, гісторыі кахання, якія былі жорстка перарваныя.
Зараз на гэтым страшным месцы знаходзіцца мемарыял з сімвалічнай назвай "Яма". Комплекс быў узведзены ў 2000 годзе, і ён сапраўды ўяўляе сабою глыбокі шрам у зямлі, на дне якога знаходзіцца абеліск. Уніз яра вядуць 17 прыступак, на іх размешчана скульптура "Апошні Шлях". Помнік уяўляе пакутнікаў, якім фашысты ўчынілі сапраўднае пекла.
"Яма" - не адзіны мемарыял ахвяраў Халакоста ў Беларусі. Ужо ў маі гарадскія ўлады сталіцы плануюць адкрыць яшчэ больш значны мемарыял - "Трасцянец". Гэтая назва стала сапраўдным болем і для дзяцей Ізраіля і для беларусаў. Таму боль ад страт, які прынёс нашаму агульнаму дому фашызм, мы заўсёды будзем перажываць разам.













