У мемарыяльным комплексе "Трасцянец" завяршаюцца працы па ўстаноўцы нацыянальнага помніка

22 февраля 2019

У мемарыяльным комплексе "Трасцянец" завяршаюцца працы па ўстаноўцы нацыянальнага помніка, які прысвечаны аўстрыйскім яўрэям, загінуўшым у лагеры смерці побач з вёскай Малы Трасцянец. Манумент атрымаў назву "Масіў імёнаў". Сёння ў беларускай Акадэміі мастацтваў прайшла прэзентацыя праекта з удзелам скульптараў, якія працавалі над стварэннем манументальнай кампазіцыі.

Алаізія Вёргетэр, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аўстрыі ў Беларусі: "Так здарылася, што многія сённяшнія грамадзяне Аўстрыі маюць сваякоў, якія пахаваныя на беларускай зямлі. І, усведамляючы гэту адказнасць перад грамадствам, мы звярнуліся да Беларусі з просьбай узвесці мемарыяльны аб'ект. Гэта ідэя была сустрэта вельмі цяпло. І гэты праект пры дапамозе беларускіх калег удалося ажыццявіць літаральна за год".

“Трасцянец” - найбуйнейшы лагер смерці на тэрыторыі Беларусі і акупіраваных раёнаў Савецкага Саюза. Па падліках гісторыкаў, там загінулі больш як 540 тысяч чалавек, у тым ліку ўзятых у палон грамадзян Аўстрыі, Польшчы, Чэхаславакіі, Францыі.