У Мар'інай Горцы пасля капітальнага рамонту адкрыўся цэнтр дзіцячай творчасці

8 января 2018

Танцы, музыка, мастацтва і нават камп'ютарная грамата і шахматы. У Мар'інай Горцы пасля капітальнага рамонту адкрыўся цэнтр дзіцячай творчасці. Займацца тут будуць амаль паўтары тысячы чалавек з усяго раёна, але калі спатрэбіцца, прымуць яшчэ столькі ж, кажуць педагогі.

Як рыхтуюць акрабатычныя нумары ў новым класе і хто прапісаўся ў самым шумным пакоі, ведае Антаніна Станкевіч.

Двухпавярхоўка амаль што ў самым цэнтры Мар'інай Горкі адразу ж кідаецца ў вочы. Здагадацца, што галоўныя наведвальнікі будынка дзеці, зусім не складана.

У гэтым класе заўсёды шматлюдна. Харэаграфічны гурток - адзін з самых папулярных. Хацелася б, каб і сярод хлопчыкаў, але... як ёсць. Новаму памяшканню тут не нарадуюцца. Харэограф Святлана прызнаецца, некаторыя з вучаніц за два гады танцавальнага стажу не знаёмыя з асноў класікі, але зараз з лёгкасцю ўсё нагоняць. Цяпер у дзяўчат ёсць самы неабходны інструмент навучання - танцавальны станок!

Гэты калектыў звычайна займаецца першым альбо апошнім - як пашанцуе. І нескладана здагадацца чаму.

Сябры Мікіта, Ягор і Ілья і не ўтойваюць сваіх планаў на будучыню: стаць вялікім барабаншчыкам - запаветная мара. Першыя крокі для яе рэалізацыі якраз і робяць тут, у цэнтры дзіцячай творчасці. Дапамагаюць у гэтым вопытныя педагогі.

Такія цэнтры творчасці сёння ёсць у кожным горадзе. Бо дадатковая адукацыя патрэбна кожнаму школьніку, лічаць эксперты. Што тычыцца абавязковай адукацыі, то праблема з недахопам садкоў і школ паступова вырашаецца. Дзве новыя ўстановы - сад і школу - пабудуюць сёлета ў Мінскім раёне, гэта, бадай што, самы праблемны пункт на карце Мінскай вобласці.

Зараз у новым цэнтры дзіцячай творчасці ў Мар'інай Горцы навучаюцца амаль паўтары тысячы чалавек. У планах - адкрыць тут гурткі па тэхнічнай творчасці, робататэхніцы і канструяванні. Такія веды дапамогуць дзецям у будучыні атрымаць перспектыўныя прафесіі.