У Маларыцкім раёне дачнікі выратавалі ласянё ад гібелі

21 мая 2018

Кармілі малаком і выходжвалі самастойна! У Маларыцкім раёне дачнікі выратавалі ласянё ад гібелі. Жывёла прыбілася сама, нібыта прасіла дапамогі ў людзей. У ласяняці была зламана нага, і яно было знясіленае. На час яго прытуліў на ўчастку Васіль Панасюк, мужчына нават узяў водпуск. Дачнікі адразу сталі шукаць магчымасць знайсці ласяняці прыдатны дом, звярталіся ў розныя інстанцыі, у тым ліку да эколагаў і леснікоў. Разгарнулася сапраўдная аперацыя па выратаванні дзякуючы журналістам і сацыяльным сеткам. Зараз жывёлу агледзелі ветэрынары.

Анатоль Нікіцюк, начальнік Маларыцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: "Паведамленне было ў суботу. Выехалі, так, ласянё было ля населенага пункта, але яно потым пайшло па слядах маці. І ўвечар дзесьці ў раёне чатырох, пачатку пятай яго бачылі з маці. Але бачыце, яно вярнулася назад да людзей".

Васіль Панасюк, дачнік: "Ласяня перададуць ветэрынарам. Там яму зробяць аперацыю. Яно будзе жыць у вальеры, дзе турысты будуць прыходзіць".

Зараз ласянё будзе пад наглядам супрацоўнікаў нацыянальнага парку "Белавежская пушча". Гэтая аперацыя па выратаванні завяршылася шчасліва. У запаведніку малы пройдзе лячэнне і рэабілітацыю, і, магчыма, будзе выпушчаны ў дзікую прыроду.