У Любанскай школе мастацтваў дашкалят вучаць ткацтву, бондарству i ганчарнай справе

13 сентября 2018

Заняткі праводзяць настаўнікі ў народных касцюмах, што надае навучальнаму працэсу самабытны каларыт. Маленькіх рамеснікаў навучаюць у спецыяльных майстэрнях, дзе з першых заняткаў дзеці вучацца працаваць з прыроднымі матэрыяламі. Марына Мураўёва пазнаёмілася з будучымі народнымі ўмельцамі.

Замест звыклага дрэс-коду настаўнікі ў нацыянальных касцюмах. Ткацкія станкі, мальберты і фарбы замянілі звыклыя падручнікі і сшыткі. Менавіта так выглядаюць заняткі ў Любанскай школе рамёстваў. Сёлета ў яе сценах распачалі першую творчую чвэрць больш за сто вучняў мясцовых школ і гімназіі.

Вучні асвойваюць не толькі звычайны малюнак, жывапіс і кампазіцыю, а таксама вучацца ткаць на станку, плесці габелены, дэкаратыўныя пано. Поруч з дыпламаванымі майстрамі маладыя спецыялісты. Марыя Амонава, напрыклад, па прафесіі мастак, мае пяць кваліфікацый. Сваю любоў да традыцыйнага беларускага ткацтва перадае маленькім вучням.

Асабісты гонар школы - уласны салон-магазін. У экспазіцыі лепшыя працы школы рамеснікаў - вучняў і педагогаў. Для вырабу такой прыгажосці ёсць усе ўмовы. Дзеці займаюцца ў спецыяльных майстэрнях са станкамі па дрэваапрацоўцы, ткацкімі, у класах па саломапляценні і ў ганчарнай майстэрні, з печчу для абпалу.

Асабісты брэнд школы - дарасінская гліна. Нарыхтоўваюць яе самастойна, у вёсцы Дарасіно. А потым вырабляюць вось такі традыцыйны беларускі посуд.

Школа мае пяцігадовы тэрмін навучання. І тыя, хто канчаткова вырашыў стаць мастаком, застаюцца і здаюць экзамен па чатырох дысцыплінах. Выпускнікі атрымліваюць атэстат.

Маленькі дом і цэлы сусвет - менавіта з такім падыходам адносяцца тут настаўнікі да сваіх вучняў. За сем гадоў існавання школа выпусціла больш за 60 маленькіх творчых зорачак. І хто ведае, праз пэўны час, можа, менавіта яны дапоўняць галактыку агульнавядомых беларускіх народных мастакоў.