У Лагойскім раёне адраджаюць традыцыі беларускага лялечнага майстэрства

4 мая 2020
Лялькі на здароўе ці міфалагічныя персанажы.  У Лагойскім раёне адраджаюць традыцыі беларускага лялечнага майстэрства. Так, напрыклад, Ніна Савельева стварае фальклорных герояў з экатэкстылю. Гэтым хобі жанчына захапілася больш за дзесяць гадоў таму і зараз актыўна ўдзельнічае ў конкурсах і выставах. З калекцыяй майстра азнаёмілася Алена Вітко.

Лён, бавоўна, паркаль, шоўк… Усе лялькі Ніна Савельева стварае з натуральных тканін. Кожны вобраз прадумвае дэталёва  і працуе выключна ўручную. Лагойскі майстар стараецца захаваць аўтэнтычнасць традыцыйных тэкстыльных лялек. У калекцыі  абрадавыя, гульнявыя, ёсць і персанажы беларускай міфалогіі. 

Міфалагічныя вобразы  ў  мініяцюры  майстар аднавіла паводле беларускай энцыклапедыі. Так, напрыклад, з'явіліся лель і лёль, жыцень і зюзя. 

Дыпломы за лепшы фальклорны персанаж Ніна Савельева атрымлівала неаднойчы. Але ёсць у творчасці майстра яшчэ адна любімая тэма.

Сваё месца сярод лялек займаюць і тэкстыльныя каты. У калекцыі майстра  іх больш за сотню. Напрыклад, на стварэнне такога трэба некалькі гадзін, а для гэтага  спатрэбіцца цэлы дзень. Дарэчы, у кожнага нават ёсць мянушка. 

Творчы і карпатлівы падыход  да кожнай работы. Часам фантазія майстра не абмяжоўваецца адным прадметам  і з'яўляюцца цэлыя наборы. Напрыклад, самаварныя. 

Работы майстра можна ўбачыць не толькі на рэспубліканскіх конкурсах і выставах, але і за мяжой. У якасці сувеніраў тэкстыльныя вырабы адправіліся ў Расію, Англію, Італію, Германію.