У Лагойскім раёне стартавалі комплексныя вучэнні па грамадзянскай абароне

21 августа 2019

Яны праводзяцца раз на сем гадоў. У першы дзень службы сутыкнуліся з умоўнымі ўзгараннямі ў экасістэмах, ураганным ветрам і наступствамі цыклону. Спецыялісты на практыцы адпрацоўваюць усе няштатныя сітуацыі. Праверана будзе і работа сістэмы апавяшчэння насельніцтва.

Расказвае Мiкіта Дзяменцьеў: Моцныя парывы ветру літаральна знеслі некалькі гектараў лесу, дрэвы падалі прама на дарогу. У выніку сур'ёзна траўміраваны звычайныя пешаходы. Гэта адна з легенд вучэнняў, якія сёння адпрацоўваюць ратавальнікі. Пастаянная адпрацоўка няштатных сітуацый - гэта неад'емная частка працы ратавальнікаў. Гэтым разам легенда комплексных вучэнняў крыху больш жорсткая, чым звычайна - узгаранне ў экасістэмах, ураганны вецер да 25 метраў за секунду і наступствы цыклону (сарваныя дахі, падзенне дрэў). Як сябе паводзіць у такіх экстрэмальных умовах - спецыялісты адпрацуюць на практыцы.

На гэтым участку задзейнічаны ўсе мясцовыя аварыйныя службы - ад ратавальнікаў і медыкаў да лясніцтваў і камунальных службаў. Узаемадзеянне ўсіх гэтых ведамстваў дазваляе хутчэй і больш эфектыўна спраўляцца з ліквідацыяй здарэнняў.

Узгаранне экасістэм, выратаванне людзей ад завалаў, ліквідацыя аварый, якія прывялі да адключэння электрасетак і водазабеспячэння. Трохдзённыя комплексныя раённыя вучэнні ўключаюць у сябе 18 уводных, якія варта адпрацаваць.

Маштабныя вучэнні прадоўжацца і заўтра ў адным з гарналыжных комплексаў вобласці. Гэтым разам ратавальнікаў будуць чакаць паломкі на канатнай дарозе і абрушванне дахаў будынкаў, у якіх знаходзіцца шмат людзей.