У Лагойскім раёне разгарнуўся палявы лагер "Юны ратавальнік"

15 июня 2019

На гэтым тыдні на беразе Плешчаніцкага вадасховішча ў Лагойскім раёне разгарнуўся палявы лагер "Юны ратавальнік". Удзельнічалі каманды з кожнага раёна Мінскай вобласці. 300 юнакоў і дзяўчат пераадольвалі няпростыя выпрабаванні і паказвалі свае здольнасці ў процістаянні розным форс-мажорам. 

На турыстычна-выратавальным злёце пабывала і Наталля Кузьміцкая. Каманда "Праметэй" з Жодзіна гатова перасцерагчы аб усіх небяспеках, якія могуць чакаць падарожніка ў лесе. Свой палявы лагер юныя ратавальнікі ператварылі ў буквар бяспекі.  Для Лізаветы Асмалоўскай гэта ўжо трэці палявы лагер. Аднойчы дзяўчына трапіла у дзіцячы клуб юных ратавальнікаў-пажарных. Пачынала з творчых нумароў на тэму бяспекі. Цяпер яна ўжо капітан каманды. Не толькі ведае ўсе правілы тэарэтычна, але гатовая і на практыцы прадэманстраваць свае ўменні. 

16-ы раз запар Плешчаніцкае вадасховішча сустракае ўдзельнікаў абласнога злёту юных ратавальнікаў. На старце спартыўнай часткі - каманды з кожнага раёна вобласці. Саперніцтва, адрэналін і  самыя розныя  эмоцыі  на кожным этапе спаборніцтваў. 

Увогуле кожнай камандзе неабходна было прайсці 7 этапаў. Галоўнае хуткасць і правільнасць дзеянняў. Навыкі юных ратавальнікаў ацэньвалі спецыялісты, для якіх гэтыя заданні не вучэбныя зборы, а штодзённая праца.

Лепшая каманда будзе прадстаўляць Мінскую вобласць на рэспубліканскім злёце юных ратавальнікаў”. Сёлета ён адбудзецца ў ліпені, месца збору – Гомельская вобласць.