У Лагойскім раёне байцы МНС правялі маштабныя вучэнні

18 января 2018

Узгаранне на канатнай дарозе гарналыжнага цэнтра "Сілічы". У Лагойскім раёне байцы МНС правялі маштабныя вучэнні па выратаванні людзей і ліквідацыі надзвычайнага здарэння. Падобнага маштабу аперацыя па выратаванні турыстаў у нашай краіне прайшла ўпершыню. Складанасць прац дыктавалі вышыня, на якой знаходзіліся турысты, і надвор'е. Уладзімір Каралёў назіраў за выратавальнай аперацыяй.

Швейцарскія Альпы. Вецер такой сілы, што раскалыхвае нават калыску з людзьмі. Пры такой непагадзі не да катанняў са схілу. Эвакуацыя людзей у такой сітуацыі - цэлая навука, бо памылка можа каштаваць чалавеку жыцця. Менавіта таму МНС Беларусі і праводзіць падобныя манеўры.

Паводле легенды вучэнняў, няштатная сітуацыя адбылася на канатнай дарозе. У аператарскай здарылася ўзгаранне, у выніку чаго пад'ёмнік спыніўся. У падпаленым будынку знаходзіцца чалавек.

Задымленне, а пасля і пажар. З-за кароткага замыкання электраправодкі дыспетчар пад'ёмніка атрымаў сур'ёзныя траўмы і знепрытомнеў. Пацярпелага выносяць ратавальнікі для аказання меддапамогі. Канатная дарога з турыстамі спынілася, а самастойна спусціцца з калыскі немагчыма - вышыня. Падчас выратавання ўжываецца спецтэхніка. Да прыкладу, лыжнікаў і сноўбардыстаў, эвакуіруюць пры дапамозе альпінісцкага абсталявання. Бяспеку для іншых забяспечваў так званы куб жыцця.

Найбольшая вышыня ад крэсла да ўзроўню зямлі - 16 метраў. Таму ратавальнікі апроч сваіх прафесійных навыкаў павінны быць і псіхолагамі. Супакоіць пацярпелых, растлумачыць інструкцыі і парадак дзеянняў. Што неабходна рабіць і як сябе весці ў пазаштатнай сітуацыі. Падчас гісторыі Сілічаў падобных сітуацый не адбывалася. Але мы павінны быць гатовыя да любой пазаштатнай сітуацыі.

Пры такіх здарэннях лік можа ісці на секунды. Агонь не літуе чалавека ў падпаленым памяшканні. А турысты, якія захраснулі на пад'ёмніку, ад страху могуць саскочыць. А пры павольных дзеяннях ратавальнікаў - змерзнуць на вышыні. Верагоднасць, што такое здарэнне адбудзецца - мінімальная, але байцам МНС важна адпрацаваць алгарытм выратавальнай аперацыі. Гэта значна палегчыць рэальную працу ў будучыні.

Валерый Вайцяховіч, начальнік Лагойскага аддзела па надзвычайных сітуацыях МНС Беларусі: "Вучэнні былі даволі складаныя, ва ўмовах нізкіх тэмператур людзі, якія знаходзяцца без руху, ім трэба хутка аказаць дапамогу. Усе былі настроеныя на тое, што людзям гэтая дапамога павінна быць аказаная ў тэрміны, і, адпаведна, была выкананая гэтая задача".

60 хвілін ратавальнікам і супрацоўнікам гарналыжнага комплексу цалкам хапіла, каб зразумець, як працаваць разам у экстрэмальных умовах, ратуючы жыцці людзей. Дарэчы, падобныя манеўры - сусветная практыка. Кожны адпачывальнік у любой краіне павінен адчуваць сябе ў бяспецы.