У Лагойску ўрачыста адкрыта новае пажарнае дэпо

30 июля 2020
Для аператыўнасці рэагавання. У Лагойску ўрачыста адкрыта новае пажарнае дэпо. Будынак  з усім неабходным для прадухілення надзвычайных сітуацый  узведзены за год каля буйной транспартнай развязкі  для лепшай лагістыкі. Аварыйна-выратавальнае падраздзяленне абслугоўваць будзе Лагойск і 20 сельскіх населеных пунктаў раёна, а таксама важныя індустрыяльныя, сацыяльныя і турыстычныя аб'екты. У дзень наваселля лепшых байцоў узнагародзілі граматамі і нагруднымі знакамі. Дарэчы, дэпо заменіць старую пажарную часць, пабудаваную ў Лагойску яшчэ ў савецкі перыяд.

Яшчэ адзін знакавы і доўгачаканы аб'ект у Лагойскім раёне адкрыўся сёння - Цэнтр культуры ў Плешчаніцах. Абноўлены пасля капрамонту будынак  аснашчаны новым сцэнічным абсталяваннем і музычнымі інструментамі. Маштабную рэканструкцыю перажыла і глядзельная зала, разлічаная на 160 месцаў. Хутка тут адкрыецца 11 гурткоў для школьнікаў і мясцовых жыхароў. Таксама ў цэнтры будуць арганізоўваць канцэрты, выставы і раённыя мерапрыемствы.

У спісе сацыяльных аб'ектаў, якія ў найбліжэйшы час адкрыюцца ў Мінскай вобласці, новая школа ў вёсцы Занарач Мядзельскага раёна, а таксама музей і дзіцячы садок у Чэрвені.