У лясах Мінскай вобласці можна збіраць брусніцы

13 августа 2019
Рабіць гэта, зразумела, трэба спосабамі, якія не прычыняюць шкоды ягадніку і не прыводзяць да яго знішчэння. У адрозненне ад чарніц,  брусніцы растуць гронкамі і іх вельмі лёгка абіраць. Яны добра захоўваюцца доўгі час і пры гэтым не страчваюць сваіх гаючых і смакавых уласцівасцяў. Па прыродныя вітаміны ў лес адправілася і Наталля Кузьміцкая.

Калі ведаць мясціны,  набраць кошык або вядзерца сакавітай прадукцыі нескладана. На ціхае паляванне можна адправіцца нават на рабочым перапынку. Так, за паўгадзіны ў лесе Павел і Яўген ужо назбіралі чырвоных вітамінаў удосталь. На варэнне ці джэм хопіць. 

У нарыхтоўшчыкаў, у параўнанні з тымі ж чарніцамі, брусніцы  не вельмі папулярныя. Аднак па сваіх карысных уласцівасцях ягада нічым не саступае. Для лячэння разнастайных захворванняў, падняцця імунітэту можна ўжываць як плады, так і лісце ягадніку. Акрамя таго, брусніцы можна доўгі час захоўваць без спецыяльных для гэтага ўмоў. 

Такое дажджлівае, але даволі цёплае надвор’е толькі спрыяе павелічэнню ўраджаю. З 2-га верасня афіцыйна збіраць можна будзе і журавіны. Ягад будзе удосталь, галоўнае  памятаць пра элементарныя правілы паводзін у лесе. Дарэчы, за іх выкананнем, акрамя леснікоў, зараз сочаць сотні схаваных фотаб’ектываў. Як адзначаюць спецыялісты, гэта стымулюе грыбнікоў і зборшчыкаў ягад іншы раз не пакідаць пасля сябе смецце ці непатушаную цыгарэту.