У Лепельскім раёне пахаваныя астанкі пілота Мікалая Пшонкі, які загінуў на Кубані

20 февраля 2014

Доўгая дарога дамоў. У Лепельскім раёне пахаваныя астанкі лётчыка, які загінуў у небе над Чарнаморскім узбярэжжам Кубані. Больш чым 70 гадоў імя пілота Мікалая Пшонкі значылася ў спісах прапаўшых без весткі. Яго лёс дапамаглі высветліць члены пошукавага атрада з Геленджыка. Вольга Маслоўская знайшла сваякоў героя і пабывала ў роднай вёсцы старшага сяржанта.



Падораны брату гадзіннік, фатаграфія ў лётнай форме, адпраўленая родным з фронту. Сціплая школьная экспазыцыя. Зараз тут ведаюць: аднавясковец Мікалай Пшонка загінуў, абараняючы неба над Чорным морам. Да гэтага дня 72 гады лётчыка з лепельскай вёскі Слабада лічылі прапаўшым без весткі.


Падчас паветраных баёў за Чарнаморскае ўзбярэжжа Кубані савецкі бок страціў больш за тысячу лётных экіпажаў. Імёны ўсіх загінуўшых не высветленыя дагэтуль. Члены пошукавых атрадаў паднімаюць абломкі баявых машын. За апошнія гады са спісу прапаўшых без весткі ўдалося выключыць 72 прозвішчы.


Педагогі і вучні мясцовай школы не раз спрабавалі высветліць лёс Мікалая і яго брата Паўла, які таксама не вярнуўся з вайны. Архівы маўчалі. І толькі некалькі месяцаў таму стала вядома, што ў гарах Геленджыка знойдзены самалёт. Пілот - выхадзец Лепельскага раёна Пшонка. Збіты падчас баявога вылету 19 лістапада 1942 года.


Пілот штурмавіка І-153 склаў свае крылы за дзве тысячы кіламетраў ад дома. Па просьбе сваякоў і аднавяскоўцаў прах лётчыка вырашана было перавезці ў родную Слабаду. На мясцовых могілках пахаваная маці Мікалая. Яна пражыла 103 гады і да апошняга спадзявалася даведацца, як загінулі яе сыны.


Не адзін дзясятак збітых самалётаў закінуты ў гарах і на дне мора ў Краснадарскім краі. Пошукавыя атрады працуюць гадамі, каб хаця б яшчэ адно прозвішча была выкрасленае са спісу прапаўшых без весткі. Вайна не скончаная, пакуль не пахаваны апошні салдат. Пошукавікі з Геленджыка едуць у Магілёўскую вобласць. Родным яшчэ аднаго беларускага пілота, які змагаўся над морам, перададуць капсулу з краснадарскай зямлёй.