У Лепельскім раёне культуру з дастаўкай да дома прапануюць супрацоўнікі аўтаклуба

15 февраля 2020
Няма Дома культуры? Тады мы спяшаемся да вас. У Лепельскім раёне культуру з дастаўкай да дома прапануюць супрацоўнікі аўтаклуба. Мікрааўтобус з музыкантамі і гукавой апаратурай кожны тыдзень адпраўляецца па аддаленых вёсках, каб палепшыць вольны час састарэлых мясцовых жыхароў. Летам збіраюць вяскоўцаў ля аўтакрамы ці на ганку чыёй-небудзь сядзібы, узімку - у бібліятэцы ці проста ў вялікай хаце. Выбар пляцоўкі ніколі не ўплывае на настрой: ён аднолькава добры што ў гледачоў, што ў гасцей. 

Адзін дзень разам з вандроўнымі артыстамі правяла Вольга Маслоўская. Касцюмы адпрасаваны, старэнькі мікрааўтобус запраўлены. Гукавую апаратуру на борт - і наперад. Сёння ўдзельнікі Лепельскага аўтаклуба едуць у бок аграгарадка Камень. Мясцовасць там прыгожая і людзі добрыя. Хоць песня да любога сэрца сцяжынку праложыць, упэўненыя вандроўныя артысты. У гаражы вясковы клуб на колах не застойваецца. На маршрут выходзіць кожны тыдзень. Сёння артысты праедуць больш за 40 кіламетраў і дадуць аж тры канцэрты. 

Вядома, што менавіта на поўначы Беларусі найбольшая колькасць аддаленых маленькіх населеных пунктаў. Культуру з дастаўкай да парога Лепельскі аўтаклуб гарантуе жыхарам паўсотні невялічкіх вёсачак. Загадзя апавяшчаюць, дзе сёння чакаць вандроўных артыстаў. Першы прыпынак - у вёсцы Двор Бабча. Канцэртная зала - у самай гасціннай хаце, бо зіма. Летам, вядома, збіраюцца на прызбе. Бабулькі - а ў гледачах мужчын чамусьці няма - ужо чакаюць выхаду музыкантаў. 

Ролю вядучага выконвае малады загадчык аўтаклуба Леанід Забабура. Усяго 29 гадоў, але настрой сталай аўдыторыі адчувае добра. Дарэчы, рэпертуар да кожнага выступлення падбіраюць асобны. Часам рэпеціруюць проста ў дарозе: а як яшчэ бавіць час, калі жалезны конь ламаецца? А бывае і такое. Чарговы прыпынак - у вёсцы Маразова Слабодка. Кажуць, раней тут жыў садавод Язэп Мароз - адсюль і назва. Сёння тут не больш за пяць месцічаў. А ў гледачах увогуле адна Марыя Знарок. Але артысты не абураюцца - ведаюць, што іх фанаты самыя шчырыя. Затое ў Сушы сёння аншлаг. Пустых месцаў у зале для гледачоў, пад якую прыладзілі залу бібліятэчную, няма. Да ўдзелу ў канцэрце запрасілі галасістых спявачак з мясцовага ансамбля "Беражніцы". Хоць і свае, але са сцэны не адпускалі доўга: вядома, добрых песень многа не бывае.