У Крупскім раёне ўжо другі месяц медыцынскія паслугі аказвае мабільны ФАП

6 апреля 2016

Прафесійная дапамога і для жыхароў сельскай мясцовасці. У Крупскім раёне ўжо другі месяц медыцынскія паслугі аказвае перасовачны мабільны фельчарска-акушэрскі пункт. Па аснашчэнні амбулаторыя на колах нічым не ўступае сучасным медыцынскім установам. Тут усё неабходнае абсталяванне - кардыяапарат, танометр і сродкі для аказання неадкладнай дапамогі. Да таго ж фельчар наведвае пацыентаў амаль кожны тыдзень. Рэпартаж Наталлі Кузьміцкай.

Працаваць мабільны ФАП пачынае а 8 гадзіне раніцы.

У вёсцы Машчаніца зараз пражываюць 18 чалавек. Пераважна пенсіянеры. Раней па медыцынскую дапамогу бабулям прыходзілася ехаць за некалькі кіламетраў у суседнюю вёску ці нават у раённы цэнтр, сёння ж гэтая дапамога прыязджае да іх сама.

Першай на прыём да фельчара Аляксандра Шараева трапіла Валянціна Лапо. За нядоўгі час знаёмства жанчына разгледзела ў маладым чалавеку выдатнага медыцынскага спецыяліста. Сёння цалкам давярае яму сваё здароўе.

Да таго ж і сам фельчар да кожнага пацыента ставіцца з павагай, дзесьці - з гумарам, падбадзёрвае, дае парады, а за невыкананне рэкамендацый - строгую вымову.

Утрымліваць стацыянарныя фельчарска-акушэрскія пункты ў вёсках, дзе жывуць 10-20 чалавек, эканамічна неабгрунтавана. Таму мабільны ФАП гэта не наватарства аднаго раёна, а пілотны праект, які плануюць распаўсюдзіць на ўсю вобласць. Тым больш што водзывы на працу перасовачнага медыцынскага комплексу толькі станоўчыя.

Для больш якаснага аказання паслуг мабільны ФАП заўсёды на сувязі з раённай амбулаторыяй і цэнтральнай бальніцай. У рэжыме анлайн фельчар можа даслаць электракардыяграму пэўнаму спецыялісту, той у сваю чаргу паставіць дыягназ, пракансультуе, а пры неабходнасці тэрмінова накіруе да пацыента хуткую дапамогу. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя