У Крупскім раёне хутка пачне курсіраваць мабільны фельчарска-акушэрскі пункт

11 декабря 2015

Медабслугоўванне стане больш даступным. У Крупскім раёне хутка пачне курсіраваць першы ў нашай краіне мабільны фельчарска-акушэрскі пункт. Аўтамабіль, абсталяваны ўсім неабходным для першаснага агляду пацыентаў, будзе аб'язджаць раз на тыдзень самыя аддаленыя вёскі раёна. Пра перавагі такой мабільнай медыцыны раскажа Антаніна Станкевіч.

Яны з павагай звяртаюцца да дзяўчыны «Кацярына Сяргееўна», хаця для большасці пацыентаў малады ўрач па ўзросце хутчэй унучка. Заўсёды ветлівая і ўважлівая, хаця даводзіцца клапаціцца пра больш як дзве тысячы пацыентаў - менавіта столькі людзей абслугоўвае Ухвальская амбулаторыя.

Праблему з аддаленымі вёскамі і даступным медабслугоўваннем у найбліжэйшы час вырашаць з дапамогай мабільных ФАПаў. Раз на тыдзень спецыяльная машына будзе курсіраваць па ўскраінах Крупскага раёна. Такім чынам усе жыхары (а гэта пераважна сталыя людзі) атрымаюць меддапамогу своечасова.

З дапамогай мабільнага ФАПа людзі не толькі атрымаюць якасную першасную меддапамогу, змогуць здаць аналізы, у тым ліку і крыві, зробяць кардыяграму, а ў выпадку неабходнасці пацыентаў падвязуць і да гарадской бальніцы.

Зараз першы мабільны ФАП знаходзіцца ў Барысаве - на прадпрыемстве пастаўшчыка. Аўтамабіль цалкам гатовы да работы. У найбліжэйшя дні ён паступіць на баланс крупскай бальніцы, а курсіраваць па аддаленых вёсках пачне з новага года.