У найбуйнейшым сельгаспрадпрыемстве Хоцімскага раёна галадае жывёла

24 февраля 2015

І яшчэ адна сітуацыя, якая патрабуе неадкладнага вырашэння. У найбуйнейшым сельгаспрадпрыемстве Хоцімскага раёна галадае скаціна. Сама адміністрацыя СВК спасылаецца на пралікі ў корманарыхтоўцы, а ў раёне - на адсутнасць спецыялістаў. У выніку амаль палова пагалоўя жыве ў экстрэмальных умовах.

У тонкасцях няпростай сітуацыі разбіраўся Андрэй Ястрабаў. Пустыя кармушкі, гэта першае, што кідаецца ў вочы ў гэтым СВК. А яшчэ 6 з паловай тысяч быкоў, якія равуць ад голаду.

Кіраўніцтва СВК наракае на надвор'е. Гэта яно, паводле слоў старшыні, сапсавала ўраджай кармоў. Праўда, і стаўку зрабілі не на тыя культуры.

У СВК спрабуюць дацягнуць да першых вясновых укосаў, але калі гэта яшчэ будзе. Таму на корм жывёле ідзе ўсё, што ёсць пад рукой - салома, перамолатае збожжа і апошнія тоны сенажу.

Карміць сенажом тут пачалі яшчэ летам. Таму да зімы траншэі практычна апусцелі. Кармоў засталося ўсяго на два дні.

Каб надаць гэтаму кармавому міксу хоць нейкую харчовую каштоўнасць, яго паліваюць зверху так званай брагай - адходамі спіртавой вытворчасці. Як бы і пакармілі, і напаілі жывёлу. Вось толькі прыбаўлення жывёлы ў вазе няма. І здароўе жывёлін - пад пытаннем.

Аб праблеме ў раёне ведаюць. Але адзінае, чым дапамаглі прадпрыемству, дык гэта парай новых кормараздатчыкаў і палівам. Сітуацыя ад гэтага практычна не змянілася.

Спецыялісты ўпэўнены, пад пагрозу пастаўлена эканамічная бяспека асобна ўзятага раёна. І калі не прыняць экстранных мер па выратаванні сітуацыі, пагалоўе можна страціць і пазбавіцца адзінага прыбытку.

Сяргей Уласенка, старшыня Крычаўскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю: "Тут патрэбен кантроль на ўсіх этапах вытворчасці - ад структуры пасяўных плошчаў, потым пры сяўбе, уборцы кармоў. Калі на ўсіх этапах будуць строга выконвацца тэхналогіі, адпаведна будзе і зусім іншы вынік".

А пакуль СВК "Бярозкі" выдаткоўвае грошы на куплю кармоў у суседнім раёне. Хоць пайсці яны маглі, напрыклад, на мінеральныя ўгнаенні і прэмію работнікам. Але гэта пры зусім іншым раскладзе спраў.