У Круглянскім раёне сёлета пройдзе абласное свята "Дажынкі"

17 мая 2015

Самадастатковасць, да якой павінны імкнуцца як у малых, так і ў вялікіх гарадах, цалкам рэальная. Галоўнае, правільная арыентацыя мясцовай эканомікі - адкрыццё неабходных менавіта для жыхароў гэтых рэгіёнаў прадпрыемстваў і пунктаў паслуг. Яскравы прыклад таго, што гэта цалкам магчыма нават у глыбінцы, - Круглянскі раён. Менавіта тут сёлета пройдзе абласное свята "Дажынкі".

Падрабязней - у рэпартажы Андрэя Ястрабава.

У круглянскім кандытарскім цэху працуе ў асноўным моладзь. Гавораць, і ўмовы, і зарплата цалкам задавальняюць, што немалаважна для таго, каб затрымацца ў глыбінцы.

У сталіцу па камфорт з Круглага ўжо даўно не едуць. Ствараюць свой, і не горшы. Ініцыятарам ідэй выступіла мясцовая ПМК: услед за кандытарскім цэхам адкрылі гасцініцу, аздараўленчы цэнтр з крыякамерай, ЗАГС. Усё, чаго не хапала раёну.

ПМК-266 - не толькі асноўны падаткаплацельшчык. Яна ўдзельнічае ва ўсіх сферах жыццядзейнасці Круглянскага раёна. Ад будаўніцтва, добраўпарадкавання да развіцця турызму. Пры гэтым не выкарыстоўвае бюджэтных сродкаў.

Самі тут ствараюць базу адпачынку, роўнай якой няма ў рэгіёне. Выдаткаваныя грошы ўжо акупляюцца. Таму і новых задумак вельмі шмат.

Нядзіўна, што і падрыхтоўка да абласных "Дажынак" сёлета легла на плечы мясцовай ПМК. Тут гавораць, праца з задавальненнем. Зараз прыводзяць у парадак раённы Дом культуры, рыхтуюць плошчу, дзе пройдуць асноўныя мерапрыемствы свята.

А да 70-годдзя Вялікай Перамогі ў Круглым адкрылі помнік воінам-вызваліцелям. За свае ж грошы. У падзяку тым, хто даў магчымасць зараз жыць і працаваць.