У "Чырвоным бары" адкрыўся навукова-практычны цэнтр

5 октября 2015

Інвестыцыі ў навуку. На тэрыторыі прыроднага комплексу "Чырвоны бор" адкрыўся навукова-практычны цэнтр. Тут працуюць маладыя беларускія навукоўцы, якія ўкараняюць сусветны вопыт выкарыстання рэсурсаў дзікіх жывёл. Папоўніць папуляцыі звяроў і падтрымаць іх разнастайнасць - вось галоўная мэта навукова-практычнага цэнтра. Дарэчы, прыватнага. Прычым, гэта не камерцыйны, а толькі навуковы праект. Вынікі яго працы будзе браць на ўзбраенне беларуская навука. Прыклад дзяржаўнага і прыватнага партнёрства ў рэпартажы Вольгі Маслоўскай.

Выпускнік біялагічнага факультэта БДУ Андрэй Файбіч змяніў сталіцу на лясную глухмень і не пашкадаваў аб гэтым. У распараджэнні маладога навукоўца сучасная лабараторыя і бязмежныя лясы. Сур'ёзна займацца селекцыяй дзікіх жывёл можна толькі так.

Пабочным асобам у лабараторыю ўваход забаронены. Выключэнне - дзень урачыстага адкрыцця. Навукова-практычны цэнтр знаходзіцца на тэрыторыі паляўнічай гаспадаркі "Чырвоны бор" і будзе вырашаць як лакальныя задачы (узнаўленне паляўнічых відаў жывёл), так і агульныя (навучанне егераў і паляўніцтвазнаўцаў з усёй краіны).

Павел Гештаўт, дырэктар НПЦ паляўніцтвазнаўства і выкарыстання рэсурсаў дзікіх жывёл: "Існуе такі стэрэатып, што раз малады навуковец, значыць, трэба ехаць за мяжу, каб атрымаць годную ўзнагароду, каб працаваць, зарэкамендаваць сябе. Мы ламаем гэтыя стэрэатыпы. Гатовыя прымаць маладых навукоўцаў, якія жадаюць працаваць, атрымліваць вынікі".

Аляксандр Дуньковіч, намеснік начальніка Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь: "Нараўне з высокаінтэлектуальным капіталам беларускага народа прырода займае адно з вядучых месцаў у багацці Беларусі. І без навукі тут ніяк. У краіне ёсць Акадэмія навук, але прыход прыватнага капіталу - гэта вельмі важна".

Паляўнічыя ўгоддзі "Чырвонага бору" займаюць больш як 80 тысяч гектараў. Адсутнасць ажыўленых трас і невялікая колькасць населеных пунктаў - усё гэта спрыяе багатай разнастайнасці фаўны.

Казулі, плямістыя і высакародныя алені, а з нядаўніх пор непраходныя лясы на мяжы Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў насяляюць яшчэ і зубры. Мінулай зімой у дзікую прыроду выпусцілі 50 асобін. За перамяшчэннем жывёл назіраюць з дапамогай GPS-нашыйнікаў.

Аўстрыйскі мастак і паляўнічы з 50-гадовым стажам Хуберт Вайдынгер беларускага волата бачыў на ўласныя вочы. А папаляваць давялося на казулю і пакуль экзатычнага для Беларусі муфлона.

Хуберт Вайдынгер, паляўнічы (Аўстрыя): "Еўропа - гэта індустрыяльны рэгіён, але калі я прыязджаю ў Беларусь, я бачу прыроду, яе прыгажосць і чысціню. І паляванне ў Беларусі - гэта ўнікальны вопыт".

Жывёл, якіх давялося ўбачыць у тутэйшых лясах, мастак захаваў на фасадах гасцінічных дамоў. Турыстычны комплекс "Чырвоны бор" адкрыўся год таму і ўжо заваяваў рэпутацыю сярод беларускіх, расійскіх і еўрапейскіх паляўнічых. Дарэчы, перамяшчацца па тэрыторыі гасцінічнага комплексу на аўтамабілях забаронена - у распараджэнні гасцей веласіпеды і электракары. Бо гэта не толькі высакакласны, але перш за ўсё экалагічны адпачынак - яшчэ адзін артыкул экспарту паслуг Беларусі.