У Косаўскім палацы ўпершыню дзверы некалькіх залаў адчыненыя для наведвальнікаў

10 ноября 2017

Паўтара стагоддзя таму пра рэзідэнцыю графа Пуслоўскага гаварылі: суцэльная раскоша! І адзіны на тэрыторыі Беларусі комплекс неагатычнага стылю. Сёння гэта помнік архітэктуры, які паступова вяртаецца з забыцця. Рэстаўрацыйныя работы актыўна вядуцца дзесяць гадоў. І вось упершыню дзверы некалькіх залаў адчыненыя для наведвальнікаў. Экспазіцыя часовая, але доўгачаканая. Вікторыя Патоня пра незвычайную спадчыну, якую адраджаюць з руін.

З Косаўскага палаца адкрываюцца выдатныя краявіды. Невыпадкова тут у XIX стагоддзі абгрунтаваліся спачатку Сапегі, а потым маёнтак купіў Войцэх Пуслоўскі, уладальнік дывановай фабрыкі. Архітэктура палаца - неаготыка з элементамі класіцызму. Такіх аб'ектаў больш у Беларусі няма. Кожная вежа сімвалізуе гадавы цыкл. Праз ажурныя вокны ў памяшканнях заўсёды шмат святла.

У палацы налічвалася больш за сто пакояў. Гэта так званая Белая зала. Менавіта тут праводзіліся балі. А ўнікальнасць яе ў тым, што на падлозе пад падвойным шклом плавалі экзатычныя рыбкі. Ужо тады ў палацы існавала паравое ацяпленне. А каміны выконвалі толькі дэкаратыўную функцыю.

Пяць залаў палаца з часовай экспазіцыяй зараз даступныя наведвальнікам. У гонар адкрыцця ў парадным пакоі зноў танцуюць дамы з кавалерамі.

Ацаніць экспазіцыю прыехалі амаль паўтысячы чалавек. Пад шклом экспанаты, знойдзеныя тут падчас археалагічных раскопак. У Косаўскага палаца складаны лёс. Яго прайгравалі ў карты, рабавалі. У гады Вялікай Айчыннай спалілі. Але яго гісторыя заўсёды вабіла турыстаў, яны прыязджалі паглядзець нават на безгаспадарныя руіны.

Паліна Сауціна, навуковы супрацоўнік Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея: "У палацы Вандаліна Пуслоўскага знаходзілася вялізная бібліятэка, якая налічвала больш за 10 тысяч кніг. На сённяшні дзень у палацы знаходзіцца копія Бібліі. Асобнікаў захавалася вельмі мала. І мы размясцілі яе тут, каб паказаць наведвальнікам палаца Біблію, якую выратавалі падчас пажару ў 1944 годзе".

Сур'ёзную рэстаўрацыю палаца пачалі ў двухтысячных. Тут плануюць стварыць гасцінічна-турыстычны комплекс. Пакуль работы выкананыя на чвэрць. Цяжкасцяў шмат, бо спецыялісты імкнуцца максімальна захаваць аўтэнтычнасць помніка архітэктуры XIX стагоддзя.

Вячаслаў Гарбузаў, начальнік упраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама: "Нам трэба дапрацаваць яшчэ інтэр'еры. Дзякуючы фатаграфіям, якія захаваліся, мы маем поўнае ўяўленне, як яны выглядалі. Усё гэта будзе аднаўляцца з гістарычнай дакладнасцю".

Рэстаўрацыйныя работы прадоўжацца. Зменяцца ўсе залы, у тым ліку з часовай экспазіцыяй. З'явіцца паркетная падлога, сцены распішуць фрэскамі. Адновяць і некалі ўнікальны паркавы ансамбль. Косаўскі палац абкружаў выдатны сад, дзе было 150 відаў экзатычных раслін і нават аранжарэя. Тут спадзяюцца, што комплекс стане яшчэ больш прывабным для турыстаў.