У Капылі адбыліся абласныя спаборніцтвы лесарубаў

18 июня 2015

Выпілка на хуткасць і дакладнасць, манеўраванне на харвестрах і валка лесу... Сёння ў Капылі адбыліся абласныя спаборніцтвы лесарубаў. Улічвалі не толькі хуткасць, але і якасць работ. Акрамя ганаровых грамат і дыпломаў, пераможцаў узнагародзілі. Матэрыяльна–прызавы фонд спаборніцтваў – 56 мільёнаў рублёў.

Антаніна Станкевіч пазнаёмілася з лепшымі лесарубамі вобласці. Мікалай Ярошык, лесаруб з Вілейскага лясгаса, укладваецца ўсяго за 25 секунд. Вынік нядрэнны, але хуткасць гэта яшчэ не ўсё. Пасля завяршэння іспытаў суддзі правяраюць вугал – ён павінен быць 90 градусаў - і якасць спілу.

У спаборніцтвах прымаюць удзел 64 лесарубы – сярод іх сем юніёраў. Гэта спецыялісты ва ўзросце да 24 гадоў. Іх падзялілі на дзве катэгорыі - тых, хто мае вопыт еўрапейскіх і сусветных спаборніцтваў, і хто такога вопыту не мае. Аднак спецыялісты з другой катэгорыі лёгка могуць перайсці ў першую. Калі пакажуць добрыя вынікі.

Сярод удзельнікаў – 25-гадовы Сяргей Шкудроў. Нягледзячы на зусім “зялёны” ўзрост, паспеў выйграць ледзь не ўсе нацыянальныя спаборніцтвы лесарубаў. А летась прывёз і ганаровую бронзу з сусветнага першынства. Хвалюецца на кожным конкурсе, але азарт прымушае выкладацца на ўсе сто. І перамагаць.

Удзельнікі спаборнічаюць у некалькіх намінацыях. Сярод іх і мастацкі распіл, і абрэзка галля, і манеўраванне на харвестрах. Удзельнікі павінны праявіць сябе на кожным этапе. Потым балы падсумоўваюць і такім чынам вызначаюць лепшага.

Удзельнічаюць не толькі дзеля гонару, хоць перамога ў такіх спаборніцтвах – вялікі плюс у вачах і калег, і кіраўніцтва. За перамогу – нядрэнная матэрыяльная падтрымка. І самім удзельнікам, і камандзе раёна.

Лепшыя лесарубы вобласці ўвойдуць у нацыянальную зборную. Каб годна прадстаўляць краіну на сусветным узроўні. І ўдасканальваць сваё майстэрства.