У комплексе "Трасцянец" адкрылі помнік "Масіў імёнаў"

31 марта 2019

Аляксандр Лукашэнка і Себасцьян Курц адкрылі помнік "Масіў імёнаў" у памяць аб знішчаных у Трасцянцы аўстрыйскіх грамадзянах. Яго ўсталявалі на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Трасцянец", дзе ў гады акупацыі знаходзіўся адзін з найбуйнейшых канцлагераў Еўропы. Гэты камень стаў сімвалам агульнай памяці нашых народаў аб загінуўшых тут суайчынніках. 

Аўтары мемарыяла - архітэктар з Аўстрыі Дэніэль Санвальд і скульптар з Беларусі  Канстанцін Касцючэнка. Для Аўстрыі,  як і для Беларусі, Трасцянец стаў месцам нацыянальнай трагедыі, болі і памяці. Аб тым, што немагчыма забыць, - Алена Борматава. 

Фотадакументы Надзвычайнай камісіі. Зверствы і жахі Трасцянца трапілі на плёнку адразу пасля вызвалення. Сёння гэтыя фатаграфіі - у фондах Нацыянальнага архіва Беларусі. Тут і апошняя трагедыя лагера - спаленыя ў адрыне людзі. Гэта здарылася ў ноч з 29 на 30 чэрвеня 1944. 

Гэтыя людзі аднымі з першых  ужо 24 ліпеня 1944 давалі паказанні следчым і членам Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі. Дакументы - таксама ў архіўных фондах. Афіцыйная лічба знішчаных у Трасцянцы - 206 з паловай тысяч чалавек. Гэта звесткі НДК. Імёны большасці з іх  невядомыя.

Трасцянец - гэта самы буйны на акупіраванай тэрыторыі Савецкага Саюза і адзін з найбуйнейшых у Еўропе канцлагераў. Ён складаўся з трох зон: Благаўшчыны - месцы масавых знішчэнняў, Малога Трасцянца - працоўнага лагера і Шашкоўкі - месцы спалення. Першым восенню 1941 года стваралі месца масавых расстрэлаў. Малады хваёвы лес на 13-м кіламетры Магілёўскай шашы. Тут не было ніякай інфраструктуры. Проста канвеер па знішчэнні. Прыбываў састаў, людзей расстрэльвалі. І чакалі наступны па раскладзе. 

Жывым з Благаўшчыны не вяртаўся ніхто.

Схема злачынстваў - на дакументах, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Латвіі. У 60-х адзін з тых, хто расстрэльваў людзей, дае паказанні на месцы ўчынення злачынства. 

Мемарыяльная плошча смерці. У гэтым месцы ўсіх, хто прыбываў,  пакідала апошняя надзея на выратаванне. Людзей прыгаварылі на знішчэнне. Нацысцкае рашэнне абскардзіць было нельга. Некалькі крокаў да скрыжавання. Яно ў нямецкіх дакументах пазначана як месца выгрузкі. Тут і сёння захаваны ландшафт. Толькі вось дрэвы сталі вялікімі. Гэта метры апошняга шляху. Уцячы немагчыма. Людзі знаходзіліся ў коле аховы. Іх вялі да равоў, там чакала расстрэльная каманда. З 150 тысяч чалавек, дастаўленых у Благаўшчыну, не выжыў ніхто. Яны былі асуджаныя. Але самае жахлівае было пасля. З канца 1943 года пачалася так званая аперацыя 1005 па знішчэнні слядоў масавых расстрэлаў. З тых самых равоў выцягвалі трупы і спальвалі ўжо мёртвых людзей.

Попелам чалавечых цел угнойвалі палі ў гаспадарчым лагеры. Але яго было зашмат, таму рэшткі зноў закопвалі. А ў 44-м, адразу пасля вызвалення, у Трасцянцы працавала Надзвычайная камісія. У равах Благаўшчыны яны выявілі толькі попел і касцяную масу. 

Бярвенне з вогнішча, дзе спальвалі тысячы забітых цел, насілкі, на якіх пераносілі попел, - сёння ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай. Іх перадалі ў снежні 1944 члены Надзвычайнай камісіі. Без малога 75 гадоў яны ў пастаяннай экспазіцыі. Тут жа частка лагернай агароджы і варотаў, будка вартавога з працоўнага лагера. Яго стваралі побач з вёскай Малы Трасцянец вясной 42-га. Тэрыторыя былога калгаса Карла Маркса. 11-ы кіламетр Магілёўскай шашы. 

Таполевая алея Штраўха была пасаджана рукамі ваеннапалонных. Вяла ад Магілёўскай шашы да варот лагера. Рэшткі падмуркаў - гэта былыя калгасныя адрыны, на гарышчах і  ў падвалах якіх утрымліваліся вязні. 

Дакладную колькасць загінуўшых сёння не назаве ніхто. Як не назавуць і дакладную колькасць вязняў аднаго з найбуйнейшых у Еўропе канцлагераў. Гэта былі савецкія ваеннапалонныя, падпольшчыкі і партызаны, цывільнае насельніцтва, вязні мінскага гета і дэпартаваныя з краін Заходняй Еўропы яўрэі. 

З 23 тысяч заходнееўрапейскіх яўрэяў, знішчаных у Трасцянцы, 10 тысяч былі грамадзянамі Аўстрыі. Гэтая самая вялікая колькасць аўстрыйцаў, загінуўшых за межамі сваёй краіны. 

Для Аўстрыі беларускі мемарыял стаў месцам нацыянальнай памяці і смутку. І менавіта таму свой візіт федэральны канцлер Себасцьян Курц пачынае адгэтуль. Разам з Прэзідэнтам нашай краіны яны адкрываюць помнік "Масіў імёнаў" - манумент, які стаў сімвалам агульнай памяці. Памяці, якую мы павінны перадаваць будучым пакаленням як імунітэт супраць любой ваеннай агрэсіі. Такія трагедыі недапушчальныя ў найноўшай гісторыі. 

Беражлівае стаўленне да памяці ахвяр нацызму стала часткай нашай нацыянальнай ідэі,  адзначыў Аляксандр Лукашэнка. І мы павінны захаваць памяць аб кожным загінуўшым. Бо за любой лічбай - чалавек, яго лёс, трагедыя сям'і і народа. 

"Масіў імёнаў" ствараўся беларускім скульптарам па праекце аўстрыйскага архітэктара. Вялізны каменны блок, які раскалоўся на 10 калон. Яны сімвалізуюць 10 чыгуначных саставаў, якія прыбылі ў Мінск з Вены. На калонах - тысяча імёнаў уласных. 

Яшчэ дзесяць гадоў таму першы камень у памяць аб знішчаных у Беларусі аўстрыйскіх яўрэях быў усталяваны ў Мінску на тэрыторыі былога гета. Сюды восенню 1941 прыбыла першая тысяча дэпартаваных з Вены яўрэяў. Тады ж імёны знішчаных у Благаўшчыне аўстрыйскіх грамадзян сталі з'яўляцца на дрэвах у лясным масіве ўрочышча. Жоўтыя табліцы з персанальнымі звесткамі дэпартаваных людзей - прыклад таго, як зусім звычайныя чалавечыя пачуцці становяцца часткай міждзяржаўнага праекта па мемарыялізацыі культуры памяці. 

Сёння побач з жоўтымі табліцамі на дрэвах з'яўляюцца і белыя. Ужо з імёнамі беларусаў,  якія загінулі тут. Іх па адным устанаўліваюць даследчыкі. Памяць павінна быць персаналізаваная. Ёсць лісты з напісанымі ад рукі прозвішчамі. Імаверна, сваіх продкаў паважаюць сваякі знішчаных тут людзей.