У комплексе партызанскай славы ва Усакіне пахаваны звыш 400 байцоў

11 мая 2020
Сімвал мужнасці і гераічнасці - мемарыяльны комплекс Усакіна - захоўвае ў памяці беларусаў імёны соцень герояў Вялікай Айчыннай. Мясцовыя лясы і балоты фашысты абміналі, там знайшло сховішча  амаль усё насельніцтва края, якое згуртавалася ў магутны партызанскі рух. 

Андрэй Ястрабаў пра памяць, якую не сцерці.

Воін, які схіліўся перад подзвігам таварышаў. 18 брацкіх магіл і звыш 300 імёнаў і прозвішчаў на гранітных плітах. А яшчэ амаль сотня  невядомых загінуўшых: чырвонаармейцаў, партызан. 

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны, расказвае дырэктар Клічаўскага краязнаўчага музея Наталля Храмянкова,  Клічаўскі раён стаў апорай партызан. Суцэльныя лясы і балоты, якіх  фашысты баяліся як агню,  і куды ў тыя гады сышло амаль усё насельніцтва - дарослыя і дзеці. Тады яны аб'ядналіся ў самы маштабны партызанскі рух Беларусі. 18 тысяч чалавек. 

На кожную вылазку партызан, за кожны ўзарваны эшалон фашысты адказвалі зверствамі, пакідаючы пасля сябе дзясяткі спаленых вёсак, тысячы забітых жыхароў. Калі пачалася вайна, Анастасія Іванаўна Порсік толькі скончыла трэці клас. Зараз ёй ужо 90. Памятае, як падшывалі  запіскі  для партызан ёй пад вопратку. І як карнікі праводзілі расстрэлы. 

Расстралялі фашысты і бацьку Анастасіі Іванаўны. Зараз яго імя на галоўным ва  Усакіне мемарыяле - Порсік Іван Мацвеевіч. Ніхто не забыты праз столькі гадоў. А само мястэчка ператварылася ў адзін вялікі мемарыял. Тут адноўлены зямлянкі, турысты могуць уявіць побыт партызан у гады вайны. 

Менавіта ў такіх зямлянках, пакрытых мохам, каб варожая авіяцыя іх не заўважыла, і жылі ўсе тры гады партызаны. Тапілі, вядома, уначы, каб дым не быў прыкметны над хвоямі. Дагэтуль захаваліся варонкі ад бамбёжак, у якіх прасочваецца балотная вада. Нямала рарытэтаў тых гадоў захоўвае і раённы краязнаўчы музей: фрагменты зброі, асабістыя рэчы. Напрыклад, малюнкі з усакінскіх лясоў партызана Аляксандра Шкляра. Унікальны экспанат - рацыя.  

Памяць і гераізм  усіх, хто кожны дзень набліжаў Вялікую Перамогу,  не забыты. Воінаў, мірных жыхароў, спаленых разам з вёскамі. Ля кожнага абеліска  свежыя кветкі. Ад тых, хто захоўвае памяць беларусаў.

Усе мемарыялы для нас святыя месцы. І мы заўсёды тут схіляем галовы перад героямі, якія загінулі за нашу незалежнасць, за нашу перамогу. І святкуем кожны год гэты дзень -  Дзень Перамогі.