У Кобрыне запрацавала аўтаматызаваная станцыя сартыравання смецця

23 Лістапада 2013

Амаль два гады культуры абыходжання са смеццем навучалі жыхароў Кобрына і Мастоў. У гэтых гарадах рэалізуецца пілотны праект Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН. У райцэнтрах з'явіліся дадатковыя працоўныя месцы, а ў Кобрыне запрацавала аўтаматызаваная станцыя сартыравання смецця.


Новыя магчымасці абсталявання ацаніла Вікторыя Патоня. У Кобрыне абсталяванне для збору і перапрацоўкі смецця закупленае ў два этапы па сумесным праекце Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН.


Фарыд Караханаў, намеснік прадстаўніка ПРААН у Беларусі: Была разгледжаная канцэпцыя стварэння двух пілотных праектаў у гарадах Кобрын і Масты для таго, каб сканцэнтравацца на механізме збору і ўтылізацыі смецця ў сярэднестатыстычным горадзе Беларусі. Для таго, каб дадзены вопыт можна было лёгка вывучыць у іншых рэгіёнах, адаптаваць і выкарыстоўваць ва ўсіх гарадах Беларусі.


На першым этапе праекта Кобрын атрымаў у падарунак спецыяльную тэхніку - больш за 600 кантэйнераў для змяшанага і паасобнага збору смецця. Вось ужо год як шкло, пластык, паперу мімавольна сартыруюць самі жыхары. На другім этапе ў кобрынскіх камунальнікаў з'явілася ўжо цэлая станцыя сартыравання адходаў.


Сартыравалі смецце ў Кобрыне і раней, але выключна ўручную. Дзякуючы новай аўтаматызаванай лініі з'явіліся і новыя магчымасці. Зараз тут за змену (8 гадзін) перапрацоўваюць каля паўтары тоны пластыку.


Вытворчыя магутнасці цэха выраслі ў 5 разоў. На лінію сартыравання палімеры дастаўляе кампактны пагрузчык. Пластыкавыя бутэлькі праразаюць перфаратарам, затым прэсуюць. Атрыманую другасную сыравіну адпраўляюць у Магілёў для далейшай перапрацоўкі.


Праект дазволіў стварыць дадаткова і новыя працоўныя месцы. Так, за руль смеццявоза села нават далікатная дзяўчына. У галіне аховы навакольнага асяроддзя гэты праект - не апошні.


Але, бадай, самы галоўны вынік шматмэтавага праекта - гэта чыстыя двары і вуліцы горада.