У Кобрыне будуць рыхтаваць універсальных спецыялістаў - хаўс-майстроў

11 декабря 2017

Такія працаўнікі змогуць выконваць адначасова абавязкі сантэхніка, цесляра, электрыка. Такія вакансіі вельмі запатрабаваныя ў сферы ЖКГ. На думку экспертаў, за гэтай прафесіяй будучыня. Вікторыя Патоня пабывала ў адзіным у Брэсцкай вобласці рэсурсавым цэнтры і даведалася, якія базавыя спецыяльнасці зараз у трэндзе.

Навучыцца прыёмам зваркі бяспечна і хутка дазваляюць вось такія трэнажоры. Камп'ютарная праграма сама вызначае здольнасці вучня і ставіць ацэнкі. Калі заданні выкананыя на выдатна, навучанне працягваецца ў майстэрні, дзе ўмовы максімальна набліжаныя да рэальных. Амаль як на вытворчасці.

Аляксандр Бойка, майстар вытворчага навучання рэсурсавага цэнтра Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа: "Камп'ютар ацэньвае хуткасць зваркі, нахіл электрода. І асноўнае - гэтае запальванне дугі, таму што дзеці палохаюцца на першых занятках. А на трэнажорах ім прасцей, прыходзяць у майстэрню, ужо не баяцца".

У Кобрынскім політэхнічным каледжы сёння навучаюцца больш як шэсць соцень чалавек. Тут яны атрымліваюць базавыя прафесіі па двух кірунках: будаўніцтва і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Цесляры, муляры, сантэхнікі, дызайнеры… Ды і самі навучэнцы гавораць: у іх багажы веданні, якія ніколі не перашкодзяць у жыцці. Ілья Росал свой выбар зрабіў усвядомлена. Прызнаецца, будаваць - мара дзяцінства. Праз некалькі месяцаў хлопец адправіцца на будоўлю як дыпламаваны спецыяліст: тынкоўшчык-абліцоўшчык-плітачнік.

Ілья Росал, навучэнец Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа: "Гэта спецыяльнасць, таму што яна больш камфортная. Не трэба на марозе працаваць, заўсёды ў памяшканні, асвятленне, усё лепш. Мужчыне спатрэбіцца прафесія, таму што можна дом пабудаваць, як гэта адвеку стагоддзяў гаворыцца".

І калі хлопчыкі тут ператвараюцца ў мужчын, здольных сваімі рукамі будаваць і рамантаваць, то дзяўчатам прывіваюць пачуццё густу.

У каледжы можна атрымаць не толькі будаўнічую спецыяльнасць, але і прафесію мастака-афарміцеля. Прычым, маляваць тут вучаць з нуля. А акцэнт робяць не на тэорыі, а на практыцы.

У політэхнічным каледжы - выдатная матэрыяльная база. Менавіта гэта дазволіла стварыць тут чатыры гады таму рэсурсавы цэнтр па падрыхтоўцы сантэхнікаў, якія вывучаюць самыя сучасныя сістэмы. Павышаць кваліфікацыю прыязджаюць і спецыялісты прадпрыемстваў, каб азнаёміцца ў тым ліку, з энергазберагальнымі тэхналогіямі.

Ігар Барабанаў, намеснік дырэктара Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа: "Можна тут расказаць і паказаць, як можна цалкам зрабіць сістэму ацяплення ў невялікім катэджы, пачынаючы ад падагрэву і сканчаючы размеркаваннем па памяшканнях".

Аб пытаннях працаўладкавання спецыялістаў базавага профілю, гаварыў з навучэнцамі каледжа старшыня галоўнага медыяхолдынга краіны. Генадзь Давыдзька адзначыў, што рынак працы - лакмусавая паперка таго, што адбываецца ў эканоміцы краіны і свету. Але попыт на рабочыя спецыяльнасці ў абітурыентаў па-ранейшаму вялікі.

Генадзь Давыдзька, старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Тут вось прафарыентацыя ў дзеянні. Хлопцы, якія тут навучаюцца, дзяўчаты, яны сапраўды ведаюць, што будуць патрэбныя ў гэтым грамадстве. Яны будуць карысныя і самі будуць сябе рэалізоўваць. Вось гэта самае галоўнае".

У гэтай навучальнай установе - 100% размеркаванне, ніхто не застаецца без рабочага месца. А ў будучым годзе тут плануюць адкрыць новую спецыяльнасць хаўс-майстроў. Універсальны працаўнік зможа выконваць абавязкі электрыка, сантэхніка і цясляра. Таксама ў каледжы плануюць арганізоўваць курсы для ўсіх ахвочых, каб навучыць людзей базавым ведам, якія дапамогуць працаўладкавацца і ўжо сапраўды спатрэбяцца ў жыцці.