У кінатэатры "Масква" адбыўся прэм'ерны паказ мастацкага фільма "Не гульня"

16 февраля 2018

Кінастужка пра беларускую армію на ўсе часы. Сёння ў кінатэатры "Масква" адбыўся прэм'ерны паказ мастацкага фільма "Не гульня".

Мерапрыемства прымеркавана да 100-годдзя Узброеных сіл нашай краіны. Экранізацыя прысвечана ўсім вайскоўцам, хаця карціна распавядае пра сучасную армію і яе традыцыі. Паўнаметражны фільм распавядае пра маладога праграміста, які ідзе ў армію, каб для стварэння камп’ютарнай гульні лепш даведацца аб ваенных парадках і баявой тэхніцы. Актыўны ўдзел у арганізацыі здымкаў прымала Міністэрства абароны.

Вытворчасць карціны ўзяла на сябе Нацыянальная студыя "Беларусьфільм". Стужку здымалі ў натуральных дэкарацыях: Курган Славы, "Лінія Сталіна" і воінскія часці. Сваё адлюстраванне ў кадрах знайшлі і палігоны вучэнняў "Захад-2017". Адным з аўтараў сцэнарыя выступіў журналіст тэлекампаніі "ВаенТБ".

Канстанцін Гагарын, аўтар ідэі і сцэнарыя фільма "Не гульня": "Фільм "Не гульня" - гэта, напэўна, першы фільм пра сучасную беларускую армію, заснаваны менавіта на рэальных падзеях. Матэрыял, які дае для творчасці наша армія, - гэта вельмі багаты, разнастайны матэрыял. Працуючы ўнутры гэтай сістэмы, бачачы армію знутры, у мяне і нарадзілася ідэя паказаць менавіта вачамі навабранцаў, нашых салдат, афіцэраў нашы беларускія войскі. Галоўнае дзеянне і сутнасць гэтага фільма - гэта тое, што армія сапраўды згуртоўвае людзей, згуртоўвае армейскія калектывы, загартоўвае характар".

Перад паказам карціны Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў узнагародзіў памятнымі медалямі да 100-годдзя Узброеных сіл кіраўнікоў сілавых ведамстваў нашай краіны. Сярод іх - Старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо і Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. У фае кінатэатра гледачы маглі азнаёміцца з выставай зброі і ваеннай амуніцыі розных часоў.