Напярэдадні 8 Сакавіка рабочая рэзідэнцыя Прэзідэнта запрасіла на публічную экскурсію беларусак

5 марта 2016

Другі дзень запар Палац Незалежнасці пад уладай жанчын. Напярэдадні 8 Сакавіка рабочая рэзідэнцыя Прэзідэнта запрасіла на публічную экскурсію беларусак.

Шматдзетныя мамы разам з дзецьмі, урачы, настаўнікі, эканамісты на ўласныя вочы ўбачылі інтэр'еры гэтага статуснага будынка. Стаўшы дэкарацыямі для самых галоўных не толькі ў краіне, але і свеце палітычных падзей, Палац Незалежнасці цалкам змяніў стэрэатыпнае ўяўленне пра яго закрытасць і афіцыяльнасць. Па загадзе Кіраўніка беларускай дзяржавы комплекс шырока расчыніў дзверы для наведвальнікаў. Серыю экскурсій працягнуць і надалей.

Расказвае Ілона Красуцкая.

Нават калі б гэтая рабочая субота была звычайным выхадным, усё роўна Ірыне Хілько хапіла б клопатаў. Накшталт алібі для шматдзетнай мамы сёння стаў візіт у Палац Незалежнасці. У сям'і пяцёра дзяцей. Старэйшыя скончылі ўніверсітэты, а трое малодшых яшчэ толькі мараць стаць вялікімі людзьмі з тэлевізара. Пэўна, менавіта таму так упэўнена размяшчаюцца за сталамі, дзе звычайна праводзяць перамовы палітыкі. Але гэта для памятнага фота. А пакуль спартыўныя секцыі, музычная школа. Дзеля захапленняў дзяцей Ірыне Хілько часцяком прыходзіцца ахвяраваць асабістым часам.

Не толькі шматдзетныя мамы, але яшчэ настаўнікі, урачы, эканамісты. Сёння яны прайшлі па гістарычных калідорах, убачылі на свае вочы залы і кабінеты, якія раней былі вядомыя больш з кадраў афіцыйнай хронікі. І калі дамы жаночым поглядам ацэньвалі мэблю і шкленне, дзецям прыйшоўся даспадобы зімовы сад Палаца Незалежнасці.

Заканамерна, што больш госці пыталі пра знакамітую лютаўскую сустрэчу лідараў Расіі, Германіі, Францыі і Украіны. Ім паказалі тую самую Зялёную залу, у якой ішлі беспрэцэдэнтныя па напале і значнасці 15-гадзінныя перамовы. А яшчэ пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД, ушаноўванне беларускіх алімпійцаў, а таксама інаўгурацыя Прэзідэнта Беларусі. Усё гэта ў дэкарацыях Палаца Незалежнасці, які за два з лішнім гады стаў неад'емнай часткай вялікай палітыкі.

Прыбраныя і натхнёныя. Усмешкі і ззяючыя вочы ніяк не дазваляюць распазнаць у іх моцных жанчын. Няпростая асабістая гісторыя падштурхнула шматлікіх з іх узначаліць дабрачынныя арганізацыі.

У ліку гасцей былі і тыя, хто праз асабістыя заслугі ўжо бачыў некаторыя інтэр'еры Палаца Незалежнасці. Напрыклад, беларуская грацыя Меліціна Станюта. Менавіта тут некалькі месяцаў таму шматразовы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы стала заслужаным майстрам спорту. Вось і першы прарэктар універсітэта культуры і мастацтваў Аліна Корбут па доўгу службы не раз прысутнічала на мерапрыемствах з удзелам Кіраўніка дзяржавы. Больш за тое, яе студэнты ў прамым сэнсе прыклалі руку да афармлення рабочай рэзідэнцыі Прэзідэнта.

Аксана Кірылава, эканаміст філіяла ЦЭЦ № 4: "У чаканні святаў хочацца нейкага цуду. Усе чакаюць вясны, хочацца падарункаў, хочацца кветак. Гэтая экскурсія - выдатны падарунак, вельмі цудоўна, пра такое і не маглі марыць".

Палац Незалежнасці працягвае серыю публічных экскурсій. Штодня ў прыёмнай рабочай рэзідэнцыі Прэзідэнта раздаюцца дзясяткі званкоў, заяўкі паступаюць і на электронную пошту. Такім чынам, ужо даўно знік міф пра закрытасць гэтага статуснага будынка.

Сярод візіцёраў Палаца Незалежнасці дэлегацыі з усёй краіны: уладальнікі дзяржаўных узнагарод, выдатныя навукоўцы, музыканты, спартсмены. Як правіла, да канца экскурсіі ад шматлікіх кадраў у іх разражаюцца фотаапараты, сканчаецца памяць у мабільных тэлефонах. Але нават пасля падзарадкі ўсе гэтыя гаджэты не змогуць канкурыраваць з памяццю і ўражаннямі. Уражаннямі ад сімвала беларускай дзяржаўнасці, пабудаванага беларусамі для беларусаў.