У Каіры будзе створаны цэнтр трансферу беларускіх тэхналогій

11 мая 2017

Гэта заявіў сёння старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў падчас беларуска-егіпецкага семінара па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. У Мінск з двухдзённым візітам для дэталёвых перамоў прыехала дэлегацыя ў складзе больш як 10-ці навукоўцаў з Егіпецкай акадэміі навуковых даследаванняў і тэхналогій. Таксама падчас сустрэчы бакі вызначылі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва. Гэта беспілотныя лятальныя апараты, сельгастэхніка і біятэхналогіі.

Уладзімір Гусакоў, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі:"Гэта працяг той афіцыйнай лініі, якая была закладзена падчас нашага афіцыйнага візіту чатыры месяцы таму на чале з нашым Прэзідэнтам у Егіпет. Іх вельмі цікавіць ачыстка вады, перапрацоўка смецця. Гэта курортная зона, каб не забруджвалася, мы можам у гэтым плане дапамагчы. Далей - перапрацоўка сыравіны і здабыча карысных выкапняў, у тым ліку золата. У нас ёсць вельмі магутнае абсталяванне, і мы яго прапаноўваем".

Махмуд Махамед Сакром, кіраўнік Егіпецкай акадэміі навуковых даследаванняў і тэхналогій: "У нас склаліся выдатныя сяброўскія адносіны, і беларуская Акадэмія навук, я ўпэўнены, - надзейны партнёр. Гэтая сустрэча толькі ўмацуе наша сяброўства, а яшчэ гэта важкі крок для таго, каб перайсці да практыкі і ўжо пачаць плённа супрацоўнічаць".

Нагадаем, пагадненне аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Егіпецкай акадэміяй навуковых даследаванняў і тэхналогій было падпісана сёлета ў студзені падчас візіту Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Каір.